Горны інжынер з Наваградка

Крыніца: https://encrypted-tbn1.gstatic.com/images?q=tbn:ANd9GcSnFKWCHMvEPZarQ-ch6gO2M3G50R0Xs2_F58ePmOWInyavtqfU

Ігнат Дамейка нарадзіўся 31 ліпеня 1802г. ў маёнтку Мядзведка тагачаснага Наваградскага павету ў сям’і Гіпаліта і Караліны Дамейкаў. Скончыў Віленскі ўніверсітэт у 1822 годзе са ступеньню магістра філасофіі. Падчас вучобы быў удзельнікам таварыства філаматаў і філарэтаў, куды ўваходзілі такія знакамітыя асобы як Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Юзаф Кавалеўскі, Яўхім Лялевель, пераважная большасць з якіх (113 чалавек) паходзіла з этнічных беларускіх земляў. За ўдзел у падпольным згуртаванні ў 1823 годзе быў арыштаваны і да 1824г. адбываў пакаранне ў Вільні, пасьля якога яшчэ пяць год знаходзіўся пад хатнім арыштам на Лідчыне. Ягоныя таленты і бліскучая адукацыя былі відавочныя нават падчас перасьледу, што бачна па ягонай працы: займаўся сялекцыяй жывёлы, ўводзіў у жыццё апошнія дасягненні ў галіне сельскай гаспадаркі, за што трапіў у твор Міцкевіча “Дзяды” ў вобразе агранома Жэготы.

У 1830-31 гадах удзельнічаў у паўстанні супраць расейскай акупацыйнай улады і быў вымушаны выехаць у эміграцыю, спачатку ў Прусію, а потым ва Францыю, дзе пачаў прафесійна займацца геалогіяй, батанікай і ў 1837 годзе атрымаў дыплом горнага інжынера. Навуковы запал Дамейкі быў заўважаны нават у Лацінскай Амерыцы, куды быў запрошаны ў якасці выкладчыка горнай школы. Прайшоўшы шлях ад выкладчыка правінцыйнай вучэльні да рэктара Чылійскага ўніверсітэта, пакінуў вялікую навуковую спадчыну, куды ўваходзілі ягоныя даследаванні не толькі па геалогіі, хіміі, мінералогіі, але таксама па этналогіі (апісаў племя індзейцаў араўканаў).

Памёр выдатны сын нашай зямлі 23 студзеня 1889 году ў Сант’яга, дзе і быў пахаваны як нацыянальны герой Чылі. Выразам следу, пакінутага Ігнатам Дамейкам могуць паслужыць словы даследчыка і біографа нашага навукоўца Адама Мальдзіса: “Ігнат Дамейка гэта адна з самых яскравых зорак на небе беларускай гісторыі”.

Be the first to comment on "Горны інжынер з Наваградка"

Leave a comment

Your email address will not be published.


*


Protected by WP Anti Spam