У Вільні ўшанавалі памяць Сяргея Паўловіча

Сябрамі Таварыства беларускай культуры ў Літве і Асацыяцыі “Крывія” сёння, 26 верасня, было арганізавана мерапрыемства па ўшанаванні памяці выдатнага багаслова, беларускага дзеяча міжваеннай Вільні Сяргея Паўловіча. Удзельнікі мерапрыемства сабраліся каля яго магілы на Еўфрасіньеўскіх могілках, распавялі аб яго жыцці і дзейнасці, усклалі кветкі і запалілі знічы. Мітрафорны протаіерэй Уладзімір Рынкевіч ля магілы адправіў малебен за супакой душы Сяргея Паўловіча. Такім чынам, беларусы і віленчукі ўшанавалі памяць дырэктара Віленскай беларускай гімназіі і выкладчыка беларускай мовы ў Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі.

1

Паўловіч Сяргей скончыў Віленскую праваслаўную семінарыю, затым Кіеўскую духоўную акадэмію (1899 г.) са ступенню кандыдата багаслоўскіх навук. З сярэдзіны 1920-х гг. выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, быў яе інспектарам. У 1926 г. пабачыла свет падрыхтаваная ім кніга „Свяшчэнная гісторыя Старога Завету: Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій“. У 1927/28 навучальным годзе С. Паўловіч выконваў абавязкі дырэктара Віленскай беларускай гімназіі.

2

Яго грамадзянская пазіцыя не падабалася польскім уладам, таму ў 1928 годзе яго адмовіліся зацвердзіць дырэктарам гімназіі. У 1929 г. у Вільні выйшла наступная кніга С. Паўловіча „Пішы самадзейна: Развіццё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. – Ч. 1: Першы год навучання (пасля азбукі)“. У 1933 г. пад яго рэдакцыяй выйшаў „Праваслаўны малітваслоў“ на царкоўна-славянскай і беларускай мовах і інш. Памёр у Вільні ў 1940 г.

4

У Дзяржаўным цэнтральным архіве Літвы захавалася яго заява аб прыняцці на пасаду выкладчыка еларускай мовы ў Віленскай духоўнай праваслаўнай семінарыі, якая прыкладваецца.

Прашэнне

Яго Праасвяшчэнству
Рэктару Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі

Кандыдата багаслоўя Сяргея Канстанцінавіча Паўловіча

Пакорліва прашу Ваша Праасвяшчэнства прызначыць мяне на вакантную пасаду выкладчыка беларускай мовы ў даверанай Вашаму Праасвяшчэнству семінарыі. Я па паходжанні беларус, і хаця раней не выкладаў гэты прадмет, але змагу за кароткі час дзякуючы актыўным заняткам авалодаць беларускай літаратурнай і размоўнай мовай. (...)
Сяргей Паўловіч.
20 лютага 1925 г.
(ЛДзЦА, фонд 220, вопіс 1, справа 322, стар. 72. Пераклад з рускай – А. А.)

6

Аўтабіяграфія

Паўловіч Сяргей Канстанцінавіч. Па паходжанні беларус, нарадзіўся ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні ў 1875 г. Мае польскае грамадзянства. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (у 1896 г.) і Кіеўскую духоўную акадэмію (у 1900 г.) са ступенню кандыдата багаслоўя.
На службе з 1900 года. Педагагічнай працай займаецца 19 гадоў без перапынку, у тым ліку 13 гадоў выкладчыкам і 6 гадоў інспектарам народных вучылішч Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні.
Цягам 4 гадоў выкладаў рускую мову, методыку і літаратуру ў Рагачоўскай (Магілёўская губ.) настаўніцкай семінарыі, Мінскай гімназіі і на педагагічных курсах для народных настаўнікаў.
С. Паўловіч
(ЛДзЦА, фонд 220, вопіс 1, справа 322, стар. 72–73ад... Пераклад з рускай – А. А.)

Be the first to comment on "У Вільні ўшанавалі памяць Сяргея Паўловіча"

Leave a comment

Your email address will not be published.


*


Protected by WP Anti Spam