У Вільні ўшанавалі памяць Сяргея Паўловіча

1

У Вільні на мерапрыемстве арганізаваным Таварыствам беларускай культуры ў Літве і Брацтвам у гонар трох Віленскіх мучанікаў (Менск, Беларусь) ушанавалі 75-ыя з дня смерці і 140-ыя ўгодкі з дня нараджэння вучонага, педагога, грамадскага дзеяча міжваеннай Вільні.

Нарадзіўся Паўловіч Сяргей у 1870 г. Навучаўся ў Літоўскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. У 1899 г. скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўскіх навук. З сярэдзіны 1920-х гг. выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, быў яе інспектарам. У 1926 г. пабачыла свет падрыхтаваная ім кніга „Свяшчэнная гісторыя Старога Завету: Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій“. У 1927/28 навучальным годзе С. Паўловіч выконваў абавязкі дырэктара Віленскай беларускай гімназіі. Яго грамадзянская пазіцыя не падабалася польскім уладам, таму ў 1928 годзе яго адмовіліся зацвердзіць дырэктарам гімназіі. У 1929 г. у Вільні выйшла наступная кніга С. Паўловіча „Пішы самадзейна: Развіццё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. – Ч. 1: Першы год навучання (пасля азбукі)“. У 1933 г. пад яго рэдакцыяй выйшаў „Праваслаўны малітваслоў“ на царкоўна-славянскай і беларускай мовах і інш. Памёр у Вільні ў 1940 г. І пахаваны на Еўфрасіньеўскіх могілках.

3

Мерапрыемствы распачаліся з адкрыцця помніка на магіле Сяргея Паўловіча, які быў усталяваны на сродкі Таварыства беларускай культуры і Брацтва ў гонар трох Віленскіх мучанікаў. Асвяціў помнік і паніхіду на беларускай мове адслужыў а. Віталій Моцкус у суправадэнні Брацкага хору.

На другой частцы мерапрыемстваў, якія адбыліся ў Доме нацыянальных меншасцяў прайшла навукова-практычная канферэнцыя, Брацкі хор выступіў з канцэртам і бард Андрэй Мельнікаў праспяваў свае песні. З дакладамі, якія былі прысвечаныя як жыццё і дзейнасці Сяргея Паўловіча, так і агульнаму становішчу Праваслаўнай Царквы ў Польшчы выступілі А. Адамковіч, Л. Калужанка, а. Сергій Гардун, Л. Плыгаўка. Навуковец і даследчык творчасці Сяргея Паўловіча Святлана Буланава не змагла прысутнічаць на мерапрыемствах, таму даслала гасцям і ўдзельнікам прывітальнае слова і свой даклад, прысвечаны С. Паўловічу.

2

У дакладах галоўным чынам гаварылася пра жыццёвы подзвіг С. Паўловіча, які ў тых неспрыяльных для беларускасці ўмовах шмат зрабіў для беларусізацыі Праваслаўнай Царквы. Таксама гаварылася і пра цяжкі час для самой Праваслаўнай Царквы, якая павінна была выжываць у тых складаных вірах гісторыі. Ад імя арганізатараў выказваем падзяку а. У. Рынкевічу і а. Віталю Моцкусу за дапамогі ў арганізацыі і правядзення малення на беларускай мове каля магілы С. Паўловіча.

Be the first to comment on "У Вільні ўшанавалі памяць Сяргея Паўловіча"

Leave a comment

Your email address will not be published.

*



Protected by WP Anti Spam