Угодкі Чарнобыльскае катастрофы

У гэтым месяцы спаўняецца 28 гадоў Чарнобыльскай катастрофы — радыяцыйнай аварыі, што адбылася 26 красавіка 1986 году на тэрыторыі Ўкраінскай ССР (цяпер Украіна). Выбух і наступны пажар спрычынілі масавы выкід радыёактыўных рэчываў у атмасфэру, якія распаўсюдзіліся на большую частку Эўропы і сягнулі нават берагоў Японіі. У працы па стрымліваньні радыёактыўнага забруджваньня і прадухіленьні шырэйшай катастрофы было задзейнічана больш за 500 000 працоўных і каштавала каля 18 млрд рублёў, што стала моцным ударам па эканоміцы СССР.

Існуе меркаваньне, што аварыя адбылася падчас выпрабаваньняў абсталяваньня на чацьвёртым рэактары Чарнобыльскай атамнай станцыі. Раптоўны выкід атамнай энэргіі, наступная за ім спроба аварыйнага адключэньня рэактара і паўторнае павышэньне магутнасьці спрычынілі пашкоджаньне гермэтычнай абалонкі, што выклікала сэрыю выбухаў. У выніку гэтых здарэньняў агаліліся графітавыя стрыжні, якія пры кантакце з паветрам пачалі расьпякацца. Запачаткаваныя ад выбуху клубы дыму ўтварылі насычанае радыёактыўнае воблака, якое перамясьцілася над вялікшаю часткай СССР і Эўропы. Паводле афіцыйных пасьлясавецкіх зьвестак, каля 60% радыёактыўных ападкаў аселі на тэрыторыі Беларусі (забруджана звыш 130 тысячаў квадратных кілямэтраў земляў). У зоне радыёактыўнага забруджваньня апынулася больш за 3600 населеных пунктаў, у тым ліку 27 гарадоў, у якіх пражывалі 2,2 млн асобаў — каля пятай часткі ўсяго насельніцтва Беларусі. Радыёактыўныя рэчывы распаўсюджваліся ў выглядзе аэразоляў, якія паступова асядалі на паверхню зямлі. Высакародныя газы расьсеяліся ў атмасфэры і не забруджвалі прылеглых да станцыі рэгіёнаў. Забруджваньне было вельмі нераўнамерным, яно залежала ад кірунку ветру ў першыя дні пасьля аварыі. Наймацней забруджваліся вобласьці, у якіх у гэты час прайшлі дажджы.

2

У гарадох асноўная частка небясьпечных рэчываў назапашвалася на роўных участках паверхні: на лужках, дарогах, дахах. У сельскагаспадарчых вобласьцях у першыя месяцы радыёактыўныя рэчывы адкладаліся на лістоце і на траве, таму забруджваньне пераходзіла на траваядных жывёлаў. Затым радыёнукліды разам з дажджом або апалым лісьцем патрапілі ў глебу, і цяпер яны шырацца праз сельскагаспадарчыя культуры, у асноўным праз каранёвую сыстэму. Значнае забруджваньне прыцярпелі лясы. Праз тое, што ў лясной экасыстэме цэзій стала рэцыркулюе, а не выводзіцца зь яе, узроўні забруджваньня лясных прадуктаў, такіх як грыбы, ягады і дзічына, застаюцца небясьпечнымі. З-за павышэньня радыяцыйнага фону давялося адсяліць шэраг вёсак па-за 30-цікілямэтровай зонай адчужэньня (у Гомельскай і Магілёўскай абласьцях Беларусі і Бранскай вобласьці Расеі).

З-за мэтанакіраванага замоўчваньня ўладамі факту катастрофы насельніцтва ня здолела ні быць абароненымі, ні абараніцца ад радыяцыйнага ўплыву самастойна. На першым этапе ўлады эвакуявалі жыхароў найбліжэйшага арэалу вакол Чарнобылю, аднак астатняе насельніцтва нават не было папярэджана аб небясьпецы і аб мерах перасьцярогі. Усяго праз 5 дзён пасьля катастрофы, 1 траўня 1986 года, грамаду вялікіх і малых гарадоў заклікалі выйсьці на першамайскія сьвяткаваньні. Чарнобыль увайшоў у гісторыю ня толькі як сымбаль недасканаласьці і прагніласьці сыстэмы, але й як суворае папярэджаньне ўсяму чалавецтву. Ён вынес яшчэ адну важную ісьціну – неабходнасьць праўдзівага інфармаваньня насельніцтва. Як паказала Чарнобыльская катастрофа, фальсыфікацыя фактаў і ўтойваньне праўдзівай інфармацыі могуць паставіць пад пагрозу жыцьці мільёнаў людзей. Многія экспэрты пагаджаюцца, што аварыя на ЧАЭС стала чарговым цьвіком у труну савецкай імпэрыі.

Be the first to comment on "Угодкі Чарнобыльскае катастрофы"

Leave a comment

Your email address will not be published.


*


Protected by WP Anti Spam