Попел “Боінга”, А. Аблажэй

aleh

Здавалася – гібель амаль трох соцен ні ў чым не вінаватых людзей стане нейкім момантам ісціны, зваротным пунктам, калі самыя зачарсцвелыя душы пратне думка: “Людзі добрыя! Што ж мы нарабілі!”

Не працяла.

Усё засталося, як было. Бо сумленне можа прачнуцца толькі тады, калі яно ёсць. У бандытаў з “Новарасіі” яго няма – і не было. Чалавек, які са зброяй у руках едзе ў чужую краіну забіваць, руйнаваць і ўстанаўліваць свае парадкі, развітваецца з “хімерай сумлення” адразу. І ўсё ж… усё ж – так цяжка ўявіць, што чалавек, які гэта зрабіў, спакойна спіць, з апетытам снедае і абедае, гуляе са сваімі дзецьмі. Тыя, хто скінуў бомбу на Хірасіму, скончылі кепска. У гэтых забойцаў яшчэ ўсё наперадзе.

Але найбольшая бяда, што з сумленнем расправіліся не толькі тыя, хто забівае штодня. Нядаўна ў Маскве адбыўся чатырохтысячны мітынг з малебнам у падтрымку “Русского Донбасса”. Гэта для ўсяго цывілізаванага свету Гіркін – Стралкоў – тэрарыст і нелюдзь. Для большасці расейцаў ён – нацыянальны герой.

Радыё “Эхо Москвы” правяло апытанне – калі б на выбарах прэзідэнта спаборнічалі Пуцін і Гіркін, каго б вы выбралі? З вялізнай перавагай перамог Гіркін! Дык то аўдыторыя “Эха Москвы”, апазіцыйнага радыё, а што казаць пра астатніх!

А на мітынгу “апалчэнцы” вынеслі на сцэну ікону Божай Маці, і бацюшкі разам з натоўпам дружна маліліся – не, не за душы нявінных ахвяраў, а за поспех бандытаў у іх крывавай справе. Такое вось расейскае хрысціянства… А як любілі разважаць пра «слезинку ребенка»!

«И никто не додумался

Просто встать на колени…»

Дык то ж Аляксандр Вярцінскі спяваў сто гадоў таму! Цяпер жа Расея “ўстала з каленяў”…

Тургенеў пісаў калісь, што задача літаратуры і мастацтва ўвогуле, каб людзі не “аскацініліся”. “Аскацініўся” ваш народ, Іван Сяргеевіч! Шчасце, што не ўвесь, і, напэўна, не Вашы чытачы. І можна сабе ўявіць, як цяжка, горка і сорамна жыць цяпер сумленнаму чалавеку ў Расеі. Што ж, такія пачуцці ў адносінах да свае радзімы спазналі ў свой час Герцэн, Томас Ман і Рэмарк, – але менавіта такія людзі ратавалі гонар сваіх краін.

Як вядома, у тым трагічным “Боінгу” найбольш загінула грамадзян Нідэрландаў. Народа Ціля Уленшпігеля, які ўмеў помсціць сваім ворагам – бо ў ягонае сэрца грукаў попел Клааса, ягонага бацькі, спаленага на кастры інквізіцыі.

Прамільгнула вестка, што ў Нідэрландах існуе суперспецназ, які мае досвед караць злачынцаў у любой кропцы Зямлі. І яны пачалі паляванне на вылюдка Гіркіна.

Попел “Боінга” грукае ў сэрцы не толькі гэтых адважных людзей – а і ў сэрца кожнага сумленнага чалавека.

Алег Аблажэй, Вільня

Be the first to comment on "Попел “Боінга”, А. Аблажэй"

Leave a comment

Your email address will not be published.

*



Protected by WP Anti Spam