Адказ Сяргея Дубаўца на ліст Хведара Нюнькі

dubavec

Буду казаць толькі пра факты, якія дакладна ведаю.

“што могуць ведаць пра справы ТБК З.Бартосік, А.Антонаў, А.Мінкін ці Л.Кардзіс,
якія больш дваццаці гадоў не паказваліся ў Таварыстве?”

У сярэдзіне 1990-х усе, хто меў дачыненьне да Нашай Нівы, былі выведзеныя Нюнькам са складу Рады ТБК. З тых часоў ТБК было ператворанае ў прыватную арганізацыю аднаго чалавека і ўся дзейнасьць ТБК стала насіць закрыты ад грамадзкасьці характар. Ваяваць за месца ў арганізацыі ніхто ня стаў, бо кожны меў больш годнае прымяненьне для сваіх сіл, часу і таленту.

“Л.Кардзіс у свой час загубіла рэальны шанец магчымасці ўзнаўлення ў Вільні муэю І,Луцкевіча,
абвяьсціўшы сябе дырэктарам гэтай установы”.

Наколькі ведаю, музэй пад дырэктарствам Кардзіс дзейнічае, пакуль як перасоўная арганізацыя.

“Ніколі ён не хадзіў па інстанцыях наконт памяшкання для «Нашай Нівы». Дубавец звярнуўся толькі
да мяне з просьбай даць хоць адзін пакойчык метраў на 20. для «НН».Я выдзеліў яму асобную
кватэру каля 80 кв.м.”

Гэта няпраўда. Я пісаў заяву, якая была разгледжаная на паседжаньні камісіі па культуры гарвыканкаму ў маёй прысутнасьці. Паседжаньне вёў спадар Гражуліс, які можа гэта пацьвердзіць. Ён і сказаў мне, што Нюнька будзе каардынатарам у дамках, якія даюцца ўсім беларускім арганізацыям, у тым ліку і НН. У мяне толькі спыталіся, ці ня маю я нічога супраць Нюнькі. Я сказаў “не”. У далейшым Нюнька з каардынатара ператварыў сябе ў гаспадара дамкоў і не пусьціў туды нікога, апроч сваёй дачкі з салёнам “жывой вады” ці чагосьці падобнага. Гэта быў надзвычай бурлівы час у Беларусі, для якой мы працавалі, і на тое, каб аспрэчваць Нюньку, у нас не было ні жаданьня ні часу. У 1995 годзе рэдакцыя працавала ў Вільні па кватэрах, а ў 1996-м газэта пераехала ў Менск.

“І гэта ў той час, калі ён за праект атрымаў ад Чэслава Кудабы 5000 даляраў”.

Хацеў бы я пабачыць у той час гэтую суму :) Мой заробак тады складаў 25 даляраў на месяц. Нешта прыносіла газэта, у цэлым жа ўсё фінансаваньне НН зьбіралася ў Беларусі.

“Я лічыў
сваім абавязкам чым толькі можна дапамагчы ўладкавацца ў Вільні і яму, і «НН».

Ні я, ні мае калегі ня мелі патрэбы ў дапамозе Нюнькі і ніколі на яе не разьлічвалі. Уся яго “дапамога” зьвялася да выжываньня НН з дамкоў усімі магчымымі спосабамі.

“Дубавец скардзіцца на бруд і клапоў у памяшканні, дзе ён прымаў гасцей, якія не толькі начавалі,
але і падоўгу там жылі”.

У рэдакцыі сваімі сіламі мы адразу зрабілі рамонт і якраз мы працавалі і жылі ў цалкам годных умовах. Я “скарджуся” на бруд і клапы ў памяшканьні ТБК, якое займаў Нюнька. Ён прыводзіў туды людзей, у тым ліку і нашых гасьцей, за што нам было сорамна.

“Пра Сяргея Шупу коратка скажу, што мы з Лявонам Луцкевічам у свой час дапамаглі яму стаць уласьнікам
дому Зоі Каўшанкі”

Пытаньне, каго запрасіць жыць да пані Зоі, вырашалася братамі Юркам і Лявонам Луцкевічам. На нараду быў запрошаны я. Спачатку я раіў кандыдатуру Генадзя Сагановіча, але ён нечакана атрымаў працу ў Акадэміі Навук. Тады я прапанаваў Сяргея Шупу. Браты Луцкевічы яго кандыдатуру ўхвалілі. Нюнька да гэтай справы ня меў ніякага дачыненьня.

Трэба сказаць, што братамі Луцкевічамі, рэальнымі лідэрамі віленскага беларускага жыцьця, Нюнька разглядаўся выключна як каардынатар з чыста тэхнічнымі функцыямі. Ён і зьявіўся даволі нечакана ў беларускім асяродку з 1989 годзе. Датуль ні яго ні пра яго ніхто з нас нічога ня ведаў.

Сяргей Дубавец

Ліст разасланы спадаром Хведарам Нюнькай 27 снежня 2014 года

Be the first to comment on "Адказ Сяргея Дубаўца на ліст Хведара Нюнькі"

Leave a comment

Your email address will not be published.

*



Protected by WP Anti Spam