22 лютага генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч

bal

22 лютага 1883 на Браслаўшчыне нарадзіўся генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч, беларускі военачальнік, камандзір Асобнага атраду войскаў БНР у Балтыі, адзін з кіраўнікоў збройнай антысавецкай барацьбы на Беларусі ў 1919—1920 гг.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы ў Новааляксандраўску навучаўся ў прыватнай мужчынскай гімназіі Сьв. Станіслава ў Петраградзе. Займаўся сельскагаспадарчай аканамічнай працаю. У 1903 працаваў бухгальтарам у чыгуначных установах. У 1904—1914 — адміністратарам маёнтка Гарадзец-Лужкі ў Дзісенскім павеце графа Плятэр-Зібэрга.

Пасьля пачатку І Сусьветнай Вайны 18 лістапада 1914 прыбыў і залічаны ў сьпісы 2-га Лейб-уланскага Курляндскага палка. 4 чэрвеня 1915 — за адрозненьне ў дзеяннях супраць непрыяцеля атрымаў ранг малодшага унтэр-афіцэра. У ноч з 8 на 9 чэрвеня 1915 падчас разведкі ля вёскі Шапалішкі асколкамі разрыўной кулі быў паранены. 8 ліпеня 1915 атрымаў ранг прапаршчыка. 6 лютага 1916 Найвышэйшым загадам уведзены ў ранг прапаршчыка армейскай кавалерыі. Узнагароджаны шэрагам ордэнаў Расейскай імпэратарскай арміі.

У 1917—1918 ротмістар. Камандзір палка Чырвонай Арміі. 2 лістапада 1918 разам з конным атрадам (два дывізіëны, каля 800 шабель) перайшоў ад чырвоных у Пскоўскі корпус. Напачатку 1919 камандзір Коннага палка 2-ой брыгады «Асобнага корпуса Паўночнай арміі», у маі 1919 падпалкоўнік у Паўночнай, пераўтворанай у Паўночна-Заходнюю армію. У чэрвені 1919 палкоўнік. У ліпені полк пад яго камандаваньнем рэарганізаваны ў 2-і корпус Паўночна-Заходняй арміі, у які ўваходзілі: 4-я дывізія, Асобная брыгада і Конны полк Булак-Булаховіча. Па прапанове генерал-лейтэнанта Арсеньева Булак-Балаховіч атрымаў ранг генэрал-маёра. Пазьней быў пазбаўлены кіраваньнем корпуса, падначалены Арсеньеву. У ноч на 28 студзеня 1920 арыштаваў галоўнакамандуючага Паўночна-Захоняй арміі генэрала ад інфантэрыі Нікалая Юденіча.

14 лістапада 1919 Балаховіч склаў просьбу пра атрыманьне беларускага грамадзянства і прыняцьце яго ваеннага аддзела на службу Беларускай Народнай Рэспублікі. У лістападзе 1919 вайсковыя фармаваньні пад кіраўніцтвам С. Булак-Балаховіча атрымалі афіцыйнцую назву як Асобны атрад войскаў БНР у Балтыі. У лістападзе—снежні Асобны атрад заняў частку фронту з чырвонымі каля Ізборску, паміж эстонскай і латышскай арміямі. У студзені-лютым 1920 у сувязі з вядзеньнем перамоваў Эстоніяй і Латвіяй з савецкай Расеяй, размясьціўся ў Марыенбургу (Латвія).

Неўзабаве празь немагчымасьць фінансаваньня з боку беларускіх уладаў аддзел перайшоў пад польскае камандваньне і быў перадысьлякаваны ў Берасьце. Генерал Булак-Балаховіч, паралізуючы тылы Чырвонай Арміі, паспрыяў польскім войскам у контрнаступе на тэрыторыі Беларусі ў верасьні 1920.

Пасьля перамір'я на польска-савецкім фронце ў кастрычніку 1920 генэрал Булак-Балаховіч пачаў дзейнічаць самастойна, аб'яднаўшы вакол сябе значную частку беларускіх незалежніцкіх партызанскіх атрадаў і паспрабаваўшы вызваліць тэрыторыю Беларусі, якая засталася пад акупацыяй бальшавікоў. Увосень армія Булак-Балаховіча налічвала амаль 15 тыс. салдатаў. 10 лістапада яго аддзелы захапілі Мазыр і рыхтаваліся да наступу на Менск і Гомель. У Мазыры С. Булак-Балаховіч абвесьціў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, сябе абвясціў «начальнікам Беларускай Дзяржавы». Ад імя свайго кабінэта ён выдаў маніфэст да беларускага народа, у якім гаварылася пра далейшую барацьбу за незалежнасьць Беларусі ў хаўрусе з Польшчай, правядзеньне аграрнай рэформы і скліканьне нацыянальнага прадстаўніцтва дзеля акрэсьленьня дзяржаўнага ладу. Пасля баёў, якія цягнуліся некалькі дзён, аддзелы Булак-Балаховіча пад націскам Чырвонай Арміі мусілі адступіць на тэрыторыю Польшчы, дзе былі інтэрнаваныя.

Пасьля вайны генэрал Булак-Балаховіч пасяліўся ў Варшаве. Займаўся палітычнай дзейнасьцю. Падчас Польскай абарончай вайны стаў на чале добраахвотнага атраду, які ўдзельнічаў у абароне Варшавы ў верасьні 1939.

Загінуў пры спробе арышту гестапаўцамі ў Варшаве 10 траўня 1940.

Крыніца: https://www.facebook.com/radabnr

Be the first to comment on "22 лютага генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч"

Leave a comment

Your email address will not be published.

*



Protected by WP Anti Spam