Сёння 55-я гадавіна смерці кс. Віктара Шутовіча — беларускага святара і публіцыста

jan

Ксёндз Віктар Шутовіч быў адной з самых яскравых постацяў, якія стаялі на пачатку адраджэння беларускага Каталіцкага Касцёла. Да канца свайго жыцця верыў у тое, што Беларусь рана ці позна стане незалежнай. Сёння яго мара споўненая.

Шутовіч Віктар (1890–1960) – беларускі каталіцкі святар заходняга абраду. Вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, пазней – у Пецярбургскай каталіцкай акадэміі. Святарскі сан атрымаў у 1913 г. У 1917 г. прызначаны у в. Барадзенічы (зараз Браслаўскі р-н), дзе служыў да 1927 г. За беларускую дзейнасць некалькі разоў польскімі ўладамі праводзілася следзтва. Пасля 1927 г. прызначаўся ў польскія парафіі. Пасля вайны пераехаў у Менск, дзе з 29 чэрвеня 1944 г. служыў пробашчам катэдральнага касцёла. 26 студзеня 1945 г. арыштаваны. 27 чэрвеня 1946 г. асуджаны на 10 гадоў лагераў, вызвалены 20 сакавіка 1955 года. Патаемна служыў у розных месцах усходняй Беларусі. Апошнія гады жыў у Барысаве (Маракоў 2009, 451–453). Для таго, каб праілюстраваць яго патрыятызм, веру ў Беларусь і нязломны характар, прывяду вытрымку з ліста польскай школьнай настаўніцы віленскаму ваяводзе.

Ліст віленскаму ваяводзе ад Міхаліны Замбрыцкай

У студзені і лютым 1925 года ў фальварку Баравыя Браслаўскага павета Віленскага ваяводства Барадзеніцкай парафіі адбылося наступнае. Там у прыватным доме была капліца, адчыненая ў 1922 годзе з дазволу Віленскага біскупа для сясцёр Кангрэгацыі Святой Сям’і . У тым самым 1922 годзе пасля некалькіх месяцаў сёстры адтуль выехалі, пасля чаго капліца перастала дзейнічаць. З кастрычніка 1924 года па люты 1925 года ксёндз мясцовай парафіі Віктар Шутовіч стаў туды прыязджаць раз на тыдзень і адпраўляць набажэнствы. (…) Але кс. Шутовіч пачаў выкарыстоўваць гэту капліцу для агітацыі і ўвёў там беларускую мову. Прасіла яго тады, каб ён гэтага не рабіў, але Шутовіч ніяк не адрэагаваў. На наступным тыдні людзі выехалі ў Новы-Пагост параіцца з настаўніцай. Кс. Шутовіч і далей прыязджаў штотыдзень у капліцу для адпраўлення св. Імшы, якую выкарыстоўваў для палітычных мэтаў. Не толькі на набажэнствах карыстаўся беларускай мовай, але і да людзей прамаўляў у антыдзяржаўным духу, тлумачыў ім беларускую „ідэю“, прыносіў і раздаваў „Крыніцу“. Мы прасілі праз настаўніцу Даменткову, каб кс. Шутовіч больш не прыязджаў у капліцу. У Баравых, у тым самым доме, дзе была мясцовая дзяржаўная школа, дзе кс. Шутовіч, нягледзячы на просьбу настаўніцы і бацькоў вучняў праводзіць заняткі па-польску, пасля набажэнства праводзіў рэлігійныя заняткі па-беларуску. Кс. Шутовіч паведаміў людзям, што сваімі дзеяннямі настаўніца робіць школу атэістычнай, што паўплывала на яе аўтарытэт.

На маю просьбу не прыязджаць кс. Шутовіч адказаў, што як прыязджаў, так і будзе прыязджаць. Сказаў таксама людзям, каб на наступным тыдні іх прыйшло больш. Сказала тады ўладальніку памяшкання, які жыў у Баравых, каб на наступным тыдні перад прыездам кс. Шутовіча замкнуў капліцу і аддаў ключы настаўніцы, якая думала ад’ехаць у Новы-Пагост. Аднак яна ад’ехаць не паспела.

sutovic06

Магіла кс. Віктара Шутовіча ў Барысаве. Фота з сайта svaboda.org/

Надышла субота, дзень, у які кс. Шутовіч прыязджаў у Баравыя ў капліцу і школу. У той дзень заняткаў у школе не было, бо настаўніца захварэла і не выходзіла з пакоя. У гэты дзень у школе Шутовічу працы не было, заставалася толькі адправіць набажэнства. Людзі прыйшлі, як і ў мінулы раз. Але капліца была зачыненай, і не было ключа. Што ж рабіць? Кс. Шутовіч спрабуе падбухторыць людзей супраць мяне, што пасмела перад каталіцкім святаром зачыніць капліцу. Людзі накінуліся на мяне і пачалі абражаць на радасць ксяндзу. Пасля кс. Шутовіч загадаў узяць сякеры і выламаць дзверы ў капліцы. Некалькі мужчын схапілі ў сенях сякеры і на чале з кс. Шутовічам хутка пайшлі да капліцы. Перад дзвярыма затрымаліся, бо хтосьці (дапускаю, што хтосьці з сям’і ўладальніка або сам уладальнік, бо больш ніхто аб гэтым не ведаў) сказаў, што ключы ў настаўніцы. Тады кс. Шутовіч вырашыў зрабіць рэвізію ў пакоі настаўніцы. Там каля вакна на цвіку знайшоў ключ ад капліцы. Сарваў яго, праз клас выйшаў да капліцы (да капліцы можна прайсці толькі праз клас) і трыумфальна і з іроніяй паказаў ключ людзям. Пасля адчыніў капліцу, зайшоў у яе, паспавядаў людзей, адправіў Імшу, потым выйшаў і замкнуў капліцу і гасцінны пакой. Калі выязджаў з Баравых, ключы забраў сабе, кажучы людзям па-беларуску: „Зараз яна будзе прасіць у мяне ключы, а не я ў яе“.

Далей сказаў, каб на наступным тыдні людзей прыйшло як мага больш, будзе ўсё, як звычайна. Цераз тыдзень прыехаў кс. Шутовіч. Я ўзяла адпачынак на гэты дзень і прыехала ў Баравыя з паліцыяй і трохі раней за кс. Шутовіча, каб замкнуць гэтыя самыя дзверы ў капліцы на новы замок. Людзі ўжо пачалі збірацца і ўзрушана чакалі кс. Шутовіча. Нарэшце а 9-ай раніцы прыязджае Шутовіч. Заходзіць у хату гаспадара, са мной не размаўляе, збіраецца ісці ў капліцу, кажучы людзям, што будзе адпраўляць св. Імшу. Тады я яму сказала, што ключы ад капліцы ў яго ёсць, але дзверы зачынены на іншы замок. Ён адразу пачаў мяне саромець перад людзьмі (…). Затым кс. Шутовіч звяртаецца па-беларуску да паліцыянта, чаму той сюды прыехаў. Пасля мяняе тактыку і просіць мяне, каб я адамкнула капліцу. Але я не адамкнула. Тады кс. Шутовіч пайшоў у клас, нібы для таго, каб правесці ўрок рэлігіі, і адначасова сказаў ўсім, хто сабраўся, каб ішлі за ім у клас. Натуральна, усе не змяшчаюцца ў класе, стаяць у адчыненых дзвярах у калідоры і на дзядзінцы і слухаюць, як кс. Шутовіч вучыць дзяцей „рэлігіі“, бо насамрэч праводзіць агітацыю. Сціснутая ў натоўпе, чакаю, калі скончыцца ўрок рэлігіі кс. Шутовіча, які быў для дарослых, а не для дзяцей. Настаўніца, таксама жадаючы правесці ўрок, паступова распіхвае натоўп. Настаўнік „рэлігіі“ кс. Віктар Шутовіч не хавае, натуральна, таго, што цалкам прыгнечаны той несправядлівасцю, якая адбываецца з-за ўціску беларусаў палякамі, але зазначае, што прыйдуць лепшыя часы, калі і мы будзем гарой, „наша возьме“ і г.д. Быў працытаваны падобнага зместу беларускі верш, які, дзякуючы мне, ёсць у пратаколе дзяржаўнай паліцыі ў Новым Пагосце. Паліцэйскі ў гэты час знаходзіўся ў калідоры і слухаў адкрытую антыдзяржаўную прамову кс. В. Шутовіча.

baradzeniczy2

Касцёл у Барадзенічах. Пач. ХХ ст. Здымак Яна Балзункевіча. Копія з кнігі „Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча: пачатак ХХ стагоддзя“. Мінск: Ураджай, 2001. – 183 с.

І пазней заклікаў народ разысціся. Калі гэта пачуў ксёндз, то абураны выбег з класа на калідор да паліцыянта, схапіў яго за вопратку (натуральна, што спаткаў адпор) і пацягнуў да дошкі, на якой быў напісаны гэты верш, тлумачучы, што ў ім нічога кепскага няма. Пасля кс. Шутовіч пачаў гаварыць людзям, падбухторваючы іх супраць мяне за тое, што я на яго, каталіцкага ксяндза, накіравала паліцыю і тым самым перашкаджаю навучаць дзяцей рэлігіі ў школе. Казаў людзям, якія яго слухалі і абражалі мяне і паліцыю не разыходзіцца. Напрыканцы загадвае людзям у наступную суботу аб’яднацца, бо прыедзе ўжо не адзін, а з кс. Станкевічам. Будуць праводзіць бацькоўскі сход. Пасля кс. Шутовіч ад’ехаў і больш у Баравыя не з’яўляўся.

На трэці дзень пасля гэтага здарэння паехала да біскупа Матулевіча і паказала там гэту справу. На што кс. біскуп Матулевіч адказаў, што і так мае вельмі шмат пісьмовых скаргаў на кс. Шутовіча. Аднак ніяк не можа нешта зрабіць, бо ніякіх сродкаў уплыву на кс. Шутовіча не мае, акрамя маральных, а гэта нічога не дасць. Зрэшты кс. біскуп Матулевіч пагадзіўся, што рэзкасць з’яўляецца вялікім недахопам кс. Шутовіча, і дадаў, што калі сапраўды кс. Шутовіч зрабіў якое злачынства, то няхай яго тады свецкія ўлады пасадзяць у Лукішкі. Пасля папрасіла ксяндза біскупа, каб зачыніў капліцу ў Баравых, што ён і зрабіў. Зрабіла для яго пратакол ўсёй гэтай справы, але пакуль без вынікаў.

Таму лічу неабходным інфармаваць аб вышэйшым пану ваяводзе.

Міхаліна Замбрыцкая.
10 красавіка 1926 г.

Be the first to comment on "Сёння 55-я гадавіна смерці кс. Віктара Шутовіча — беларускага святара і публіцыста"

Leave a comment

Your email address will not be published.

*



Protected by WP Anti Spam