Паўліна Мядзёлка

Гэтай зімой спаўняецца 40 год са дня сьмерці беларускай артысткі, пэдагога, паэткі, мэмуарысткі Паўліны Мядзёлкі. Нарадзілася будучая літаратарка ў жніўні 1893 г. у шматдзетнай сялянскай сям'i ў мястэчку Будслаў Дзiсьненскага павета Вiленскай губернi (зараз Мядзельскi раён Менскай вобласцi). У 1898 г. сям'я пераехала ў Глыбокае, дзе Паўлiна скончыла царкоўна-прыхадзкую вучэльню. З 1907 вучылася ў Рызе на вечаровых курсах для дарослых. У 1909 г. працягнула адукацыю ў прыватнай жаночай гiмназii Нязьдзюравай і Райсмілер у Вiльнi, дзе зьдзiвiла кiраўнiцтва, запiсаўшы ў анкеце ў графе "нацыянальнасьць” − беларуска. Тут, у Вiльнi, Мядзёлка зьблізілася зь беларускiм рухам, пазнаёмiлася са З. Бядулем, К. Каганцом, Цёткай (Алаiзай Пашкевiч), А. Бурбiсам i іншымi дзеячамi.

Увосень 1912 г. Паўлiна паехала ў Пецярбург на Вышэйшыя камэрцыйныя курсы, якiя скончыла ў 1914 г. У час вучобы ў Пецярбургу пазнаёмiлася з прафэсарам Б. Эпiмах-Шыпiлам, на кватэры якога вечарамi зьбiралася беларуская моладзь, што атрымлівала адукацыю ў пецярбургскiх навучальных установах. На кватэры прафэсара жыў і Янка Купала, які якраз перад тым скончыў сваю вядомую п’есу «Паўлiнка», і брат прафэсара Уладзіслаў Эпiмах-Шыпiла ўзяўся за арганiзацыю спектакля. Калi пачалi размяркоўваць ролi, спынiлiся на тым, што менавiта ёй, П. Мядзёлцы, быць Паўлiнкай. П’еса прайшла зь велiзарным посьпехам. Асаблiва добра гуляла Паўлiна, якая i стварыла сапраўдны фурор спэктаклю. На сцэну выклiкалi аўтара – Янку Купалу, якому пецярбургскiя студэнты прэзэнтавалi гадзiньнiк з выгравiраваным надпiсам: «Бацьку „Паўлiнкi“ ад беларускiх студэнтаў». А Купала падараваў Паўлiне два экзэмпляры п'есы, на адным зь якiх быў напiсаны прысвечаны ёй верш. Пасьля Купала нават зрабіў Паўлiне прапанову выйсцi за яго замуж, але яна адмовілася, бо думала, што Янка ня вельмi сур’ёзна ставіцца да яе.

Падчас Першай сусьветнай вайны Паўліна працавала ў Петраградзе сакратаром Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны, але потым апынулася ў эвакуацыі ў Царыцыне. У кастрычніку 1917 г. па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала беларускую школу ў в. Жорнаўка Ігуменскага пав. Пасля таго, як у сакавіку 1918 школа была зачыненая, перабралася ў Менск. Працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Наведвала Вільню і Гродна. У 1917 г. Паўлiна нечакана атрымала вестку, што Янка Купала абвянчаўся 26 сьнежня 1916 г. у Маскве зь яе сяброўкай Уладзiславай Станкевiч.

З 1918 г. пад псэўданімам Паўлінка выступала ў друку зь вершамі, пісала паэмы і п’есы. У Заходняй Беларусі быў папулярным яе гімн-песня Паўлiны «Пад гоман вясёлы», якую высока ацаніў Рыгор Шырма. Зь вясны 1919 г. Паўліна Мядзёлка стала інспэктаркай беларускiх школаў, кіраўніцай Грамады беларускай моладзі і драматычнага гуртка ў Гродне, дзе была арыштаваная польскімі ўладамі за ўдзел у выданьні газэты «Родны край». Зноўку была арыштаваная разам з мужам Тамашом Грыбам польскімі ўладамі ў 1920 г. і была вывезеная ў Варшаву, дзе сядзела ў турме Вронкі на Пазнаншчыне. Але пазьней па падробленых дакумантах удалося выехаць у Вільню, а затым трапіць у Літву. У Коўне займалася выданьнем агітацыйнай літаратуры, накіраванай супраць польскай акупацыі Заходняй Беларусі. Друкавалася ў газэце «Сялянская доля».

З восені 1921 г. па прапанове Цішкі Гартнага працавала ў выдавецкім аддзеле пры савецкай амбасадзе ў Бэрліне. Тутака яна напісала іл6мпрэсію «Гвалт, гвалт, гвалт!» і паэму «Сялянская доля». У 1922 г. пераехала ў Латвію, выкладала ў беларускай гімназіі ў Дзьвінску (цяпер Даўгаўпілс). У 1924 г. зноў арыштаваная, але на гэты раз ужо латышскімі ўладамі; апраўданая судом у 1925 г. пасьля чаго выехала ў Савецкую Беларусь.

Пасьля пераезду мяжы Беларусi, падчас пяцiгадзiннага прыпынку цягнiка ў Вiцебску, літаратарка зайшла ў кнiгарню. «Я нiколi не спадзявалася пабачыць столькi кнiг на нашай роднай мове, – пiсала Мядзёлка ў „Сьцежках жыцьця“, – школьныя падручнiкi, мастацкая лiтаратура, палiтычная, навуковая… Сьлёзы радасьцi засьцiлалi вочы». Прыехаўшы ў Менск, Паўліна падзялiлася сваiмi ўражаньнямi са сваёй сяброўкай і жонкл6ай Янкі Купалы – Уладзiславай, i пачула ў адказ: «Пачакай, пачакай, як агледзiсься, дык ня тое запяеш». Іх сэнс Мядзёлка зразумела праз некалькi гадоў.

У Менску літаратарка спачатку працавала ў сэктары мастацтва Інбелкульту. Потым, у 1927—1930 г., выкладала беларускую мову ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Праблемы з савецкімі уладамі пачаліся ў 1930 г., калі Мядзёлка захварэла і паехала на лячэньне ў Маскву, дзе была арыштаваная па штучнай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». «На цягу дзесяці дзён кожны вечар мяне прывозілі на Лубянку й трымалі ўсю ноч да ранку, а потым зноў адвозілі ў Бутырку. Падпісвала ўсё, што падсоўвалі», — прызнавалася літаратарка. Пасьля арышту выслана ў Казань. З восені 1932 г. выкладала рускую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школаў.

Пасьля вайны, ў 1947 г., Мядзёлка вяртаецца ў Беларусь, у Будслаў, дзе працуе настаўніцай. У Будславе напісала свой найбольш значны твор — мэмуары «Сьцежкамі жыцьця». У 1966 г. Мядзёлцы было прысвоена ганаровае званьне заслужанага дзеяча культуры БССР.

Памерла літаратарка 13 лютага 1974 г. Яе сяброўка Нiна Альшэўская узгадвала: «Ня вытрымала выпрабаваньне Паўлінка адзінотай. Памерла маці, нікога з родных не засталося, жыцьцё бяз любых людзей страціла сэнс. Вось і выпіла гаротніца празьмерную дозу снатворнага»... У горадзе Глыбокім у 2012 г. была ўстаноўлена скульптурная кампазыцыя «Паўлінка». Прататыпам манумэнтальнага твору стала заслужаная дзяячка культуры Беларусі Паўліна Мядзёлка. У Будславе яе iмём названыя школа i новая вулiца.

Крыніцы:
1. Інтэрнэт-выданьне ARCHE, Уладзiмiр Лiўшыц, Паўліна Мядзёлка: адораная талентамі (http://www.arche.by/by/page/works/16495) і Паўліна Мядзёлка: горацкі перыяд жыцця (http://www.arche.by/by/page/works/16578 ).
2. Беларуская вікіпэдыя (http://be.wikipedia.org/wiki/Паўліна_Вінцэнтаўна_Мядзёлка).

Be the first to comment on "Паўліна Мядзёлка"

Leave a comment

Your email address will not be published.


*


Protected by WP Anti Spam