Хваляванні беларуса ў Літве

maidan

Сёння, 21 лютага 2014г., у сярэдзіне дня, упершыню ў сеціве змог паглядзець спіс ахвяр процівастаяння паміж пратэстуючым народам і урадам Украіны. Усяго за тры дні, 18 — 20 лютага, 77 загінуўшых. З іх 64 пратэстоўцы, 11 міліцыянтаў, 2 целы не ідэнтыфікаваны.

Чытаў прозвішчы і баяўся сустрэць сярод іх прoзвішча сям'і нашых сяброў з Кіева. На шчасце іх сярод ахвяр няма. Жонка Яніте гэту навіну пракаментавала заўвагай. «Добра, але яны могуць быць сярод соцень параненых. Трэба тэлефанаваць у Кіеў».

Першай адклікнулася 93-х гадовая мама Тамары, нашай сяброўкі. Яна абрадавалася нашаму тэлефанаванню. Супакоіла Яніте, што з іх сям'ёй усё добра. Паскардзілася на дачку Тамару і ўнука Андрэя, што не дазваляюць ёй ехаць на Майдан, каб сваей прысутнасцю сярод пратэстуючых, падтрымаць іх. Папрасіла Яніте, каб перадала прывітанні Васілю, г. з. мне. Тэлефон перадала Тамары.

Даведаўшыся пра мэту нашага тэлефанавання, Тамара падзякавала за падтрымку. Падцвердзіла, што мама сапраўды рвецца на Майдан. Сказала, што сын Андрэй і яе брат пасля працы ідуць на Майдан,  каб быць сярод пртэстоўцаў. Яшчэ Тамара праз слёзы дзякавала Літве, нашаму прэзыдэнту, за салідарнасць і падтрымку ўкраінцаў. Адзін з тых параненых, якіх прыняла Літва на лекаванне, ёсць быўшы супрацоўнік і сябра Тамары.

Узрушаная пачутым ад кіеўлян, Яніте не стрымала слёз, калі перасказвала мне падрабязнасці размовы. Гэдык і я плакаў ад хвалявання. З ранейшых размоў мы ведалі, што Тамара і яе мама, як жанчыны, не адгаворвалі сваіх родных, якія, рызыкуючы сабою, ідуць і ўдзельнічаюць разам з тысячамі пратэстоўцаў.Гатоўнасць 93-х гадовай жанчыны самой ісці на Майдан у той дзень, калі там распачалася актыўная стральба і тэлебачанне ў прамым этэры паказвае, як падаюць забітыя, як спрабуюць адпаўзці параненыя, сведчыць пра рашымасць ўкраінцаў дамагчыся перамен.

На што я звярнуў увагу, чытаючы спіс і біяграфічныя звесткі забітых?
— Гэта людзі разных узростаў, ад 17 да 62 лет;
— Разных прафесій: навукоўцы, мастакі,фермер,журналіст, настаўнік, выкладчык, студенты;
— З разных рэгіёнаў Украіны, часцей з заходніх яе абласцей.
З улікам гэтага, ці можна іх лічыць тэрарыстамі, як абвяшчае ўлада і дзяржаўныя СМІ Ўкраіны, Беларусі, Расеі? Відавочна нельга так лічыць. Гэта грамадзяне Ўкраіны, якія абураюцца і пратэстуюць амаль усю зіму. Яны адданыя патрыёты, якія перамаглі страх.

Навіной пра грамадзянскую актыўнасць нашых сяброў-кіеўлян падзяліліся з сяброўкай Онуте. Яніте затэлефанавала да яе. Онуте парадавалася за нашых знаёмых у Кіеве. Распавяла пра сваю навіну. У канун святкавання Дня Незалежнасці Літвы 16-га лютага, яе запрасілі ў адну з школаў, у горад Вісагінас. Папрасілі расказаць дзецям пра тое, як яна пасля вайны перанесла высылку ў Сібір. Пра трагічную гісторыю яе сям'і. Тры родныя браты яе былі літоўскімі партызанамі. Змагаліся супраць акупацыі Літвы з боку СССР. Усе яны загінулі, па чарзе, ў 1947, 1948, 1950 гадох. На тутэйшых вясковых могілках ёсць іх магіла і агульны помнік. Онуте была прыемна здзіўлена тым, як дзеці, у бальшыні рускамоўныя, выказалі зацікаўленасць і павагу да яе. Пытанні дзяцей сведчаць пра іх разуменне тых гістарычных падзей. Гэта сустрэча да слёз узрадавала Онуте. Падобныя хваляванні адчуваў і я, калі слухаў расповяд сяброўкі.

Be the first to comment on "Хваляванні беларуса ў Літве"

Leave a comment

Your email address will not be published.

*



Protected by WP Anti Spam