У часы распаду Cавецкага саюзу беларусы ў Літве ўпершыню за многія гады змаглі заявіць пра сябе. 4 лютага 1989 г. адбыўся арганізацыйны Зьезд Таварыства беларускай культуры (ТБК), які абраў кіраўніцтва і склаў праграму дзейнасьці.
Усё пачыналася з нуля. Нічога, акрамя памяці, не захавалася. Дзякуючы самаахвярнай працы каманды аднадумцаў-пачынальнікаў, і ў першую чаргу Лявона Луцкевіча, Леваніда Караля, Міколы Рулінскага, Кастуся Шышэі і інш. Таварыства беларускай культуры пачало адраджаць беларускую культурную спадчыну ў Літве.
Першапачатковая і галоўная мэта ТБК – адраджэньне, захаваньне і разьвіцьцё беларускае культуры ў Літве. Але ў той жа час Таварыства беларускай культуры ніколі не пагаджалася з тым, што ліквідацыя беларускасьці – беларускай мовы і адукацыі − парушэньне элемэнтарных правоў асобы ёсьць унутранаю справаю беларускіх уладаў. Таму прыярытэтам дзейнасьці ТБК таксама зьяўляецца змаганьне за свабоду і незалежнасьць Беларусі, за дэмакратычныя каштоўнасьці, праўдзівую беларускую гісторыю і культуру.

Кіраўніцтва ТБК – Рада, складаецца з 9 свабодна выбраных сяброў, якія абіраюцца на 2 гады. Яны плянуюць і выконваюць усю працу арганізацыі. ТБК ладзіць сталыя імпрэзы і сустрэчы, запрашаючы літатратараў, навукоўцаў ды іншых грамадзкіх дзеячоў зь Беларусі і замежжа. Кожныя 4 гады Таварыства беларускай культуры арганізуе канфэрэнцыю беларусаў Балтыйскага рэгіёна і Беларусі. На сёньняшні дзень ТБК мае сваю сядзібу зь бібліятэкай, а таксама ўчастак у Вільні пад забудову культурнага цэнтра імя Якуба Коласа.
Нашыя кантакты. Дадатковую інфармацыю вы заўсёды зможаце атрымаць па электроннай пошце: [email protected], [email protected]. На гэтыя адрэсы можна дасылаць вашыя пытаньні, заўвагі ды прапановы.