Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

Арганізацыя беларусаў Літвы

У Вільні ўшанавалі 177-ыя ўгодкі з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага | Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

6-7006211

Сёння, 2 лютага, у Вільні ўшанавалі памяць нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага.

Мерапрыемства зладзілі Таварыства беларускай культуры ў Літве (в.а. старшыні Васіль Акуневіч), асацыяцыя «Крывія» (старшыня Зміцер Карачун) і Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных (старшыня Валянцін Стэх).

У адной з прамоў каля крыжа прагучала: „У чалавека ёсць два нараджэнні: для зямлі і неба (вечнасці). Зараз мы стаім на месцы, дзе Кастусь нарадзіўся для Вечнасці ў той самы дзень, калі ён нарадзіўся для зямлі, для зямлі беларускай, за волю якой ахвяраваў сваім маладым жыццём. Гэта самая вялікая ахвяра, якую можа прынесці чалавек на алтар Бацькаўшчыны, каб яна стала вольнай. І гэтая ахвяра была прынятай, аб чым сведчыць тое, што сёння мы маем Беларусь, няхай яшчэ далёкую ад той, пра якую марыў рамантык і змагар Кастусь. Але ведаем, цудаў не бывае, і вольнасць нараджаецца ў крывавых муках. Таму яскравы прыклад сёняшняй Украіны. І вечныя, прарочыя словы героя, што толькі тады мы станем вольнымі, калі супакоіцца ўсходні сусед-агрэсар. З яго цаглінкі вырас фундамент, на якім мы павінны збудаваць вольную і незалежныю Бацькаўшчыну. Таму мы сабраліся сёння тут, каб у чарговы раз засведчыць сабе і свету, што не дадзім загінуць мары Кастуся Каліноўскага.“

Запаленыя знічы ля месца памяці Кастуся Каліноўскага таксама сведчаць, што беларускія грамадскія арганізацыі Вільні працягваюць сваю дзейнасць, супрацоўнічаюць, і на далей будуць сведчыць аб беларускай прысутнасці ў горадзе, ў якім Кастусь нарадзіўся для Вечнасці.

ТБК інф.