Інтервью айца Данілы Сваяка парталу http://krynica.info/
Рускі беларус, ксёндз Даніла Сваяк (прозвішча ён узяў сабе ў гонар волата нацыянальнай каталіцкай спадчыны Казіміра Сваяка) пэўны час таму прыехаў у Беларусь з Расіі, каб несці беларусам Слова Божае па-беларуску. Цяпер кс. Даніла служыць у парафіі Ўваскрасення Хрыстовага ў Савецку пад Калініградам, дзе таксама займаецца згуртаваннем вернікаў-беларусаў, вывучае лінгвістыку ў дактарантуры Інстытута славістыкі Польскай Акадэміі Навук у Варшаве.
— Айцец Даніла, перш чым з’ехаць служыць пад Калінінград, вы служылі ў Паставах і Друі, але вас ведаюць і за межамі Віцебскай дыяцэзіі, у тым ліку дзякуючы сацсеткам, – менавіта як святара з Расіі, які адкрыў для сябе беларускую мову, вывучыў яе і прыехаў служыць беларусам па-беларуску. Як так сталася?
— Мае карані з Літвы. Не з сучаснай дзяржавы, але з гістарычнага Вялікага Княства. У 45-м годзе бабулю з дзядулям, як “нядобранадзейных” остарбайтараў, вывезлі з Германіі на Заходні Ўрал на пасяленне. Праз сорак гадоў там і я нарадзіўся. Бабуля была каталічкай (дзеда асабіста ня ведаў, бо памёр у 1953 годзе). Памятаю, як штовечар стаяла на каленах перад абразамі і малілася пацеры. Што цікава, малілася таксама па-лацінску: прамаўляла тыя часткі Імшы, якія памятала зь дзяцінства, хаця, напэўна, і не разумела сэнсу гэтых словаў – “домінус вобіскум…эт кум спірыту туо…”.
Бабуліна хата была насупраць праваслаўнай царквы і, калі ў 1991 годзе замест мясцовага клубу зноў стала бажніца, то бабуля без вагання сталася першай прыхаджанкай, бо адчувала прагу малітоўнай супольнасці, Еўхарыстыі, незважаючы на тое, што сама была каталічкай (касцёл вернікам аддалі толькі ў 1993 годзе).
Для мяне гэта цяпер прыклад таго, што нельга прывязваць сваю веру да нацыянальнасьці – “каталік-паляк, рускі-праваслаўны”. Галоўнае – Бог, для якога “няма ані жыда, ані грэка”.
Перад заканчэннем школы я адчуў пакліканне да святарства, пайшоў адразу ў семінарыю. Спачатку навучаўся ў Славаччыне, заканчваў ужо ў Польшчы. Адсюль хіба маё замілаванне да славянскіх моваў, якое ўрэшце прывяло ў дактарантуру са славістыкі… Тады таксама пачаў больш цікавіцца пра свае карані, пазнаёміўся з беларускімі святарамі, са спадчынай такіх волатаў беларушчыны, як Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі. Вырашыў прыняць сакрамант святарства ў Беларусі.
— Вы не хаваеце вялікі ўплыў на вас асобы Казіміра Сваяка, святара, паэта і патрыёта…
— Калі я пачаў знаёміцца з гісторыяй Каталіцкай Царквы ў Беларусі, то вельмі зацікавіўся вывучэннем укладу ў беларускае адраджэнне пачатку ХХ ст. беларускага каталіцкага духавенства. Адкрыў для сябе віленскі і пецярбурскі беларускія гурткі ў семінарыях і, вядома, адкрыў для сябе асобу Канстанціна Стэповіча – Казіміра Сваяка. Ягоная вера ў Бога і беларуса, якая праяўлялася ў вершах і святарскай дзейнасці да гэтага часу з’яўляюцца для мяне прыкладам і натхненнем. Уражвае адвага тых ксяндзоў, якія ў тыя далёкія часы былі свядомымі беларускімі святарамі, не баяліся ўціску са ўсіх бакоў і бачылі ў будучыні незалежную Беларусь і вольнага беларуса.
— Ці не было ў вас расчаравання падчас прыезду ў Беларусь і шчыльнага знаёмства з цяперашнім каталіцкім клірам?
— Я дагэтуль ужо меў досвед кантактаў са святарамі, якія лічылі сябе мясцовымі рускамоўнымі палякамі. Так, на жаль, часта тыя палякі, якія прыязджаюць у Беларусь, больш шануюць беларушчыну, чым тыя, хто скончыў беларускія школы.
Да таго, Бог паслаў мне добрых прыяцеляў-беларусаў, побач з якімі заўсёды ўзбагачаўся пачуццём таго, што я ані ў Польшчы, ані ў Расіі. Часта для мяне гімнам былі словы з НРМ: “Прыдумай сабе свой свет…”, у які не ўлезуць іншыя “міры”.
— Можна спрэс бачыць парафіі, калі нават у часе гаміліі для дзяцей тыя адказваюць беларускамоўнаму ксяндзу па-расейску альбо каверкаючы беларускія словы. Ці мае святар рэальныя магчымасці ўплываць на свядомасць хаця б тых дзяцей, якія з заахвочвання бацькоў удзельнічаць у парафіяльным жыцці?
— Я лічу, што заўсёды ўласны прыклад – гэта лепшы падручнік. Асабіста магу засведчыць, што мая прынцыповая беларускамоўнасць сталася прычынай усведамлення сябе беларусам для як мінімум 10 чалавек (гэта пра якіх я ведаю). Ніколі ў касцёле, ў адрозненнене ад дзяржаўных установаў, я не сустракаў негатыўнага стаўлення да мовы. Наадварот, заўсёды чуў словы падтрымкі. Вернікі, з большага, разумеюць, што гэта іхнае, роднае, хаця, магчыма, самі рускамоўныя. Потым, калі гэта рускамоўныя сем’і, то і так дзяцей вучаць маліцца па-беларуску. Беларуская мова ў наш час масава перайшла ў сферу сакрум, – калі людзі па-беларуску ведаюць толькі малітвы, як калісьці было з лацінай, ці як цяпер у праваслаўных – з царкоўна-славянскай мовай.
Гэта вельмі добра, мне падаецца. Шараговы вернік-каталік цяпер наўрад ці скажа на мову, што яна “калхозная”. Але адначасова разам з ужываннем мовы ў сферы сакрум трэба клапаціцца і пра прафанум. Тут ужо цяжэй, бо гэта задача перадусім дзяржавы, а не рэлігійных супольнасцяў.
— Ці не ўзнікае ў людзей замяшальніцтва, калі ксёндз звяртаецца да іх па-беларуску?
— Як вышэй ужо сказаў, супраціву не сустракаў, адно часта ўзнікалі камічныя сітуацыі, калі вернікі, асабліва старэйшыя, думалі, што я да іх па-польску звяртаюся.
У Паставах вельмі зсябраваўся з ТБМаўцамі. Моцную маюць там суполку. А Браслаўшчына, дык заўсёды была й ёсць для мяне некім таямнічым краем у моўным пытанні (ці ў пытанні дыялекта). Ходзячы там па калядзе ў вёсках-засценках, можна смела браць нататнік і запісваць словы, якія разумееш толькі з кантэксту. Ох уж гэныя “ёсьціка, тутака, нямашака…”.
— Ці рэальна ўплываць на моладзь у пытаньні мовы праз касцёл, хаця б на тую яе частку, якая ходзіць у пілігрымкі і гуртуецца вакол ксяндза?
— Калі святар для моладзі з’яўляецца пэўным аўтарытэтам, вядома, трэба далікатна вучыць шанаваць сваё. Памятаю, аднойчы падчас такой моладзева-касцёльнай тусоўкі хлопцы вельмі здзівіліся, калі ўключыў ім беларускамоўны хіп-хоп, а дзяўчыны задуменна слухалі “Небасхіл” Рыбака. Галоўнае, заставацца гэтым аўтарытэтам, а не проста сябруком у чорнай сукенцы. Я так лічу.
— Касцёл – ці не самы стабільны ў Беларусі “запаведнік” мовы. Але часта, ад’язжаючы ў горад з свайго мястэчка, шмат хто з маладых адкідвае мову як дзіцячае рыззё разам з “касцёльнымі забабонамі”…
— На жаль, сапраўды. Таксама праблема, калі жэняцца ці выходзяць замуж за рускамоўнага – пераважна выбар робіцца не на карысць роднай мовы. Калі забываюцца на рэлігійныя практыкі, то Езус пра гэта ўжо казаў у прыпавесці пра зярнятка. Тут застаецца спадзявацца толькі на свядомае навяртанне, як было з Паўлам, які таксама быў нібыта вельмі веруючым да той гісторыі з канём…
— Айцец Даніла, не зусім карэктнае пытаньне – наколькі часта ў вашым служэнні ў Беларусі здараліся споведзі па-беларуску?
— Агульна кажучы, – 99% споведзяў па-беларуску ці на вельмі “якаснай” трасянцы. Лічу, што, каб вызначыць, якая ў чалавека родная мова, трэба прааналізаваць, як чалавек лаецца і як спавядаецца. Таму з уласнага такога “аналізу” магу зрабіць высновы, што мова яшчэ жыве і не збіраецца паміраць.
— Наколькі спрыяльным для моўнага выхаваньня дзяцей і падлеткаў з’яўляецца асяродак жаночага манаства? У некаторых парафіях, якія ачольвае беларускамоўны ксёндз, выхаванне дзяцей і праца з парафіяй засяроджаныя ў руках сясцёр законных. І значная частка іх у побыце і ў камунікацыі з вернікамі гаворыць па-руску, бо для іх гэтая мова – альбо звыклая з дзяцінства, альбо вывучаная па прыездзе з Польшчы.
— Добрае пытанне. Спачатку думаў, што такі стан рэчаў звязаны з адукацыяй, але ж большасць манашак (менавіта манашак, бо слова “манахіня” мае расейскі уплыў) маюць вышэйшую і нават філалагічную адукацыю. Мяркую, што тут павінны быць акрэсленныя правілы і загады пробашча наконт вядзення катэхізацыі – гэта ў дзяржаве дзве мовы, але ў Касцёле павінна быць адна, нацыянальная. У гэтым пытанні не духавенства павінна падстрайвацца пад “авечак”, але наадварот, авечкі павінны ведаць голас (мову) сваіх пастыраў.
— Ці бракуе у Беларусі рэлігійнай беларускамоўнай літаратуры, ці мае шанец тая літаратура, што выдаецца, быць цікавай для звычайнага верніка?
— Часта выкарыстоўванне рускай мовы ў Беларусі йдзе пад уплывам маркетынгу, магчымасці зарабіць дадатковыя грошы і г.д. Не ведаю і не разумею, чаму ў Беларусі большасьць рэлігійнай літаратуры выдаецца па-руску, бо грошы і маркетынг тут не пры чым. Шчыра не разумею гэтай сітуацыі, а тыя адгаворкі, якія чуў, не маюць у сабе здаровай логікі. Спадзяюся, што з’яўленне Тэалагічнай Акадэміі выправіць такое становішча, і яна будзе браць прыклад з Львоўскага каталіцкага ўніверсітэта, – балазе, ўсё для гэтага існуе.