Старэйшыя беларускія арганізацыі Літвы ў Вільні адзачылі 97-ыя ўгодні самага вялікага нацыянальнага свята – Дня Волі. Вільня – магчыма адзіны горад, дзе традыцыя святкавання Дня Волі ніколі не перарывалася. Яшчэ ў міжваеннай Вільні штогод збіраліся беларусы, каб ушанаваць гэту адну з найвялікшых дат у жыцці нацыі. У той час гэта было адно з асноўных святаў беларусаў-віленчукоў. У беларускай гімназіі гэты дзень быў выходным. У цэрквах розных канфесій (каталіцкай, праваслаўнай, метадыстаў) ладзілі набажэнствы ў гонар 25 сакавіка. Не перарвалася гэта традыцыя і ў страшныя часы камуністычнага тэрору, калі беларусы-віленчукі таемна збіраліся ў сябе ў кватэрах і ўзгадвалі дату.
Гэтае святкаване стала працягваннем узгаданай традцыі. Добрай традыцыяй становіцца тое, што да святкавання далучаюцца прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і з розных краін. Гэтым разам да нас далучыліся грамадзяне Азейрбайджана і Алжыру.
Святочную праграму ўпрыгожылі скрыпачка – Даля Шашальгене, піяністка – Саўле Лапенайтэ, якія выканалі шматлікія музычныя творы, у тым ліку паланез М. К. Агінскага “Развітанне з Радзімай”. Для гасцей быў паказаны дакументальны фільм “Далёка нам яшчэ да БНР”, які пазнаёміў іх з гіторыя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Мерапрыемства арганізавалі і правялі: — Таварыства беларускай культуры (в.а. старшыні Васіль Акуневіч) — Асацыяцыя “Крывія” (старшыня Зміцер Карачун) — Беларуская нацыянальная памяць (старшыня Анатоль Міхнавец)
— Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных (старшыня Валянцін Стэх).