Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

Арганізацыя беларусаў Літвы

Беларусь у кантэксце іншых культур | Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

Пад такой назвай 5 чэрвеня ў Доме нацыянальных меншасцяў у Вільні прайшло мерапрыемства, арганізаванае Таварыствам беларускай культуры ў Літве і Асацыяцыяй «Крывія». Асноўная задача — пазнаёміць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў з беларускай культурай і беларускім прадстаўнікам бліжэй пазнаёміцца з іншымі культурамі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі з Літвы, Беларусі, Алжыра, Азербаўджана, В’етнама.

Госці і арганізатары мерапрыемства сабраліся за круглым сталом, дзе бліжэй змаглі пазнаёміцца адзін з адным. Нягледзячы на розніцу грамадзянства, веравызнання, колеру скуры, удзельнікі хутка знайшлі дыялог паміж сабой і ў кароткай форме змаглі прадставіць краіны свайго паходжання.

Гэтым разам было вырашана прадставіць свае нацыянальныя стравы.

Удзельнікі яшчэ з самай раніцы з вялікім хваляваннем рыхтавалі вячэру, каб на мерапрыемстве як мага шырэй і падрабязней прадставіць традыцыі харчавання на сваёй радзіме. Таму стол аказаўся як багатым, так і разнастайным.

Удзельнікі пад час мерапрыемства абменьваліся сваімі ўражаннямі і дзяліліся ведамі пра свае краіны.

Зразумела, што вярнуўшыся на сваю этнічную бацькаўшчыну, удзельнікі ў сваіх сем’ях распавядуць пра Беларусь, беларусаў і пахваляцца між іншым, што паспрабавалі і беларускія стравы. А беларусы тым часам таксама скажуць, што не толькі чулі пра іншыя культуры, але і змаглі з імі блізка пазнаёміцца, пакантактаваць з іх прадстаўнікамі і пабачыць, што дыялог можна заўды знайсці з любым чалавекам, незалежна ад яго краіны паходжання, веравызнання, колеру скуры.

ТБК інф.