Pro memoria
Сёння, 26 траўня на 95 годзе жыцця адыйшоў у нябеснае валадарства вядомы літоўскі грамадскі і рэлігійны дзеяч ксёндз марыянін Вацлавас Алюліс. Яго выдзяляла незвычайная любоў да Беларусі, беларускай мовы і Беларускага Каталіцкага Касцёла. Ён захапіўся Беларуссю настолькі, што авалодаў беларускай мовай, пазнаёміўся з гісторый, культурай, літаратурай беларускага народа. Ніжэй прапаную з ім інтэрв’ю, якое запісаў незадоўга да яго смерці.
Алюліс Вацлавас MIC, айцец: Я зацікавіўся беларускай мовай і культурай дзякуючы айцу Чарняўскаму. Таксама я і сам адчуваў сімпатыю да гэтага прыніжанага народу з боку яго суседзей. Гэта мне здавалася несправядлівым, і трэба яму дапамагчы.
Я, Вацлавас Алюліс, літовец, нарадзіўся ў 1921 годзе 14 сакавіка ў Алітускім раёне, в. Крэкшценай, гэта 20 км на захад ад Алітуса. Спачатку вучыўся ў Алітускай гімназіі, пасля таго, як зацікавіўся манашаскай жызню, перайшоў у Марыямпале ў марыянскую гімназію, якую акончыў у 1940 гаду 15 чэрвеня. У гэты дзень адбылася Імша, мы атрымалі атэстаты зрэласці і даведаліся, што па ўсёй Літве ездзяць савецкія танкі.
Пасля вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Каўнасе. Адначасова паступіў ва ўніверсітэт на архітэктуру, каб прыкрыцца ад прызыву ў Красную армію. Закончыў семінарыю ў 1945, з канцом вайны. Святарства атрымаў яшчо ў 1944 г. Марыяне мелі такую прывелегію, што тыя, каторыя ўжо здалі абеты на ўсё жыццё, маглі на год раней за іншых атрымаць святарства.
Некаторыя з маіх калегаў у 1944 годзе падаліся на запад і мяне ўгаворвалі. Але я не хацеў: раз ужо святар, маё месца з маім народам.
Прапрацаваў, можа, ў 17 касцёлах, трудна нават палічыць. Пачаў служыць з 1945 г. Першым маім месцам была Варэна. Потым два гады ў Марыямпалі быў прэфектам для моладзі, затым адзін год у Вільні ў касцёле святога Духа, тады ён быў яшчэ двух’язычным. Потым прэлат Эльберг пастараўся, каб там можна было служыць толькі па-літоўску, і да нас перайшлі студэнты пасля закрыцця касцёла святога Яна. А калі нас выгналі з Вільні, ён стаў пустым. Тады я служыў нескалька месяцаў у Друскінінкай, тады ў Свянцянскім раёне, Парынгісе, Палушах, Струнайцісе, потым Лентварыс, Швянчоніс. Са Швянчоніса перавялі ў Віленскую Кальварыю, а адтуль у 1970 годзе паслалі мяне ў Каўнас у духоўную семінарыю на прафесара і віцэ-рэктара. Чатыры гады цярпела ўлада, а потым, калі вярталіся з Рыма два ксяндзы-прафесары, перавялі мяне ў Тургелі. А калі Кароль Вайтыла стаў папам, мяне перавялі ў Вільню на Антокаль, у той самы час.
Як марыянін я быў генеральным вікарыем [ордэна марыянаў] з 1993 г. да 1999 г., а потым, калі ўжо вяртаўся з Рыма, стаў служыць тут, на Жвярынасе, ужо як алтарыст, рэзідэнт, без спецыяльных абавязкаў: алтар, амбон, іспаведанне і ўсё.
Пішу яшчэ тое-сёе для прэсы, рэдактырую некаторыя кнігі.
Актыўна ўдзельнічаў у скрытым жыцці марыянаў, таму што нас забаранілі ў 1949 годзе. Збіраліся ў аднаго калегі, каторага падстраліў савецкі воін. Ён ехаў на грузавіке з Каўнаса да Марыямпаля. І грузавік той пачаў спыняць савецкі воін, яны ж рашылі ўцякаць, салдат пачаў страляць, і адна куля патрапіла ў пазваночнік. І так атрымалася, што і ня жыць, і не ўміраць. І ён не ўладаў сабой і не чуў ніжэй паясніцы і ног. І так праляжаў блізка дваццаці пяці гадоў. Вельмі цярпялівы быў. У яго таму і збіраліся, як бы навясціць, бо ніхто не забароніць прыехаць да хворага. І там у яго і быў такой наш цэнтр духоўны. Гэта быў Пранцішкус Шульскіс. Вельмі таленавіты і вельмы схільны к тэхніцы. Будучы інвалідам, навучыўся пачыняць зэгаркі . Ляжаў бязпомашчны і такім чынам сябе забяспечваў гэтай сваёй працай.
Вельмі ясная наша фігура – гэта айцец Пранас Рачунас, родам з Марыямпаля, на два года старшы мяня і на адзін год старшы па святарству. Калі саветы вельмі агранічывалі чысло студэнтаў семінарыі, так тады наш правінцыял разам з айцамі езуітамі заарганізавалі падпольную семінарыю. І я тожа ўхадзіў у лік прафесараў ці выкладчыкаў гэтай семінарыі, выкладаў дагматыку, бібліістыку, гісторыю. Студэнты прыязджалі да прафесараў, мы давалі ім план, літаратуру, і праз некалькі месяцаў яны прыязджалі і здавалі экзамен. Такім чынам мы вывучылі нават 7 ксяндзоў-марыянаў для Украіны. І так марыяне аснаваліся на Украіне. Два ці тры тады навучалася для Украіны ў Рызе, але асноўныя сілы дала наша семінарыя.
Як Вы вывучылі беларускую мову?
Я зацікавіўся беларускай мовай і культурай дзякуючы айцу Чарняўскаму. Таксама я і сам адчуваў сімпатыю да гэтага прыніжанага народу з боку яго суседзей. Гэта мне здавалася несправядлівым, і трэба яму дапамагчы.
Меў я здольнасці да іншых моў. У Марыянскай гімназіі было восем гадоў нямецкай, 7 лаціны, 6 дрэўнегрэчаскай, 4 французскай. На апошняй класе гімназіі пачаў нямножка вучыцца польскаму і рускаму. Польскаму таму, што былі і на Літве парафіі, дзе трэба было спаведваць па-польску. Как я пайду спаведваць, калі не знаю мовы. Меў на ўвазе Ёнава, у якое папаў цераз якіх 35 ці 37 гадоў, і ніхто ўжо не падышоў па-польску.
Папаў на Віленшчыну. Рашаючы талчок у авалоданні беларускай мовай быў, калі я папаў у Струнайты каля Свянцян. Там у двух вёсках Сіманішкі і Ропішкі насельніцтва гаварыла па-беларуску. Так які я пробашч, калі не ведаю мову сваіх парафіянаў. І пачаў вучыцца. Дастаў дзесьці падручнік, выпісаў сабе журнал „Маладосць“ і газету „Чырвоная змена“. У 1958 годзе на свята Трох каралёў, якое сімвалюзуе прызнанне ўсіх народаў для Хрыста, прывітаўся па-летувіску, потым па-польску і сказаў казанне па-беларуску. Мае парафіяне мне нічога не сказалі, а свянцянскія: „Цо тен ксёндз абедчэціл той косцюл руской мовой “. І так мае парафіяне больш нічога не гаварылі. Толькі калі я прывітаўся на Вялікдзень па-беларуску, яны сустрэлі мяне пад касцёлам і сказалі: „Ойчанька, не рабі нам стыдна, не гавары па-просту“. Кажу: „Родненькія, чаму ваша мова простая, яна такая самая, як літоўская і польская“. „Не, – кажуць, – калі ругацца, так, няма лягчэй, чым па-беларуску, калі Богу маліцца, нам трэба па-польску ці па-літоўску“. От, які бедны народ.
А адзін парафіянін казаў мне, калі па калядзе аб’язджалі: „О! З гэтым ксяндзом магу ездзіць, ён па-нашаму гутарыць“.
Калі ласка, распавядзіце пра айца Уладыслава Чарняўскага.
Айцец Чарняўскі быў так ужо закаханы, закаханы па вушы ў Беларусь. Ад шчырага сэрца, ад шчырага сэрца. Які ён шчыры-шчыры, шчыры … Як чалавек, як святар, як патрыёт.
Як ён быў у Вішневе, яго запрашаюць на другую парафію. Ён гаворыць: „Магу прыехаць, но язык свой для вас ламіць не буду“.
Ён пераклаў увесь імшал, і, здаецца, Біблію на беларускую мову. Надрукавалі толькі Новы запавет. У Менску гэтыя філёлагі не зусім прынялі яго пераклад. Кажуць, што дужа шмат правінцыялізмаў у яго мове. Але ўсе роўна, думаю, тыя, што перакладалі потым, карысталіся з яго работ.
Калі Вы з ім пазнаёміліся?
Дакладна зараз не ўзгадаю, ці ў 39-м, ці ў 41-м… Ён пару гадоў вучыўся ў Каўнаскай семінарыі, потым закончыў Вільнюскую. Святарства атрымаў з рук арцыбіскупа Мечыслава Рэйніса. Той высвеціў яго на сваю адказнасць. Ён не ўсю навуку прахадзіў з намі ў Каўнасе, але мы яго заўжды прычыслялі да нашага ліку, і, калі былі якія сустрэчы, ці там юбілеі, 10, 20, 30 год святарства, заўжды яго запрашалі. А на саракалеціе прыехалі да яго ў Вішнева. Ён не раз гаварыў, што гэта дружба з нашым курсам, з літоўскімі калегамі была для яго духоўнай падпорай, што ён не чуўся зусім адзін у полі воін.
Польскія ксяндзы яго ігнаравалі, не тое што крыўдзілі ці абражалі, а трымалі яго ў ізаляцыі.
Калі ён захварэў, апошнія два гады цяжка хадзіў. Пасля змясцілі яго ў мясцовую бальніцу. Вельмі акуратна і сардэчна займаліся яго лячэннем. На пару месяцаў былі прывёзжы яго сюды, у Вільню, жыў ён у сясцёр-эўхарыстак. Потым яго прыняў айцец Уладыслаў Завальнюк з Менску да сябе з бальшой брацкай душой. Пакуль мог ён, там іспаведаваў і Імшу служыў.
Адышоў да Госпада 22 снежня 2001 г., і похараны былі на самую Вігілію Божага Нараджэння, тады было трудна сабрацца. Сабраліся на 30 дзён, прыехала шмат ксяндзоў і беларусаў, і палякаў на памінальную Імшу ў Вішнева. Тады я прамовіў там казанне па-беларуску.
Вы былі знаёмыя і з іншымі беларускімі марыянамі. Каго яшчэ з іх можаце ўзгадаць?
З айцом Кашырам я бачыўся недоўга, можа, пару нядзель. Ён прыбыў у Марыямпаль, уцякаючы ад немцаў і бальшавікоў у 1939 г. у кастрычніку. Потым ён служыў у Кайшадорскай дыяцэзіі: Вітаўтава, Крывоніс і Жэмайчу Кальварыі. Так ён там навучыўся літоўскай мове. А ў 1942 годзе вярнуўся на сваю Беларусь, у Друю. Айцец Ляшчэвіч тады займаўся Росіцай і суседнімі парафіямі, і ён прыйшоў да яго на помашч. І толькі нескалька месяцаў, можа, паўгода там праслужыў. У 1943 годзе ў лютым была вялікая нямецкая акцыя, помста. Ім даняслі, што немцы плануюць страшную акцыю расправы з насельніцтвам за тое, што там вельмі актыўна дзейнічалі савецкія партызаны. Людзей сабіралі і звозілі ў касцёл, і палілі іх дамы, каб партызанам не было дзе юціцца. І там іх сартыравалі: хто сільны, на работы ў немцы ў Германію, а другіх – у неба.
17 лютага 1943 года айцец Антоні Ляшчэвіч пайшоў у неба. А 18 лютага – айцец Юры Кашыра. Маліўся ён усю ноч, плакаў, як апавядалі сёстры-манашкі, каторыя там былі. Не скрываўся, не ўцякаў, а пайшоў сваёй дарогай з Хрыстом.
Вельмі цікава, што немцы сясцёр-манахінь не сжыгалі. Іх пасля трагедыі на наступны дзень адвезлі ў Друю ці Браслаў і аддалі прэлажонай пад подпіс, што яна атрымала іх здаровых і цэлых. На гэтым усё не скончылася. Праз две-тры нядзелі прыехалі той самы афіцэр, які даставіў манахінь, з сакратаршай і машынкай, апрасіў сясцёр і напісаў некалькі старонак пратакола аб усім, якім чынам праходзіла гэта помства і г.д. Праз некалькі месяцаў гэты пратакол папаў у Рым, у Ватыкан, а з Ватыкана далі копію марыянам. Зразумела, што той афіцэр рыскаваў, вельмі рыскаваў. Той дакумент быў асноўным пры беатыфікацыі.
Кашыра ў маіх вачах, у маёй памяці – тыповы беларус, скромны, нясмелы, нежны, добрая душа, добрая прастая божая душа. Такім ён застаўся ў маёй памяці. Калі я яго ўспамінаю, то складваю вось так рукі, як і на малітву.
Калі ласка, распавядзіце падрабязней пра айца Антонія Ляшчэвіча.
Пра айца Антонія Ляшчэвіча я зусім мала ведаю. Я з ім не сустракаўся. Таму ведаю пра яго са свідзецельства другіх: вельмі актыўны, мужэственны, адказны. Калі глядзіш на яго фатаграфію і бачыш – вождзь. Ён скончыў семінарыю ў 1914 годзе, паслалі яго на далёкі Васток. Быў у Харбіне сярод палякаў і другіх каталікоў. Пабудаваў там касцёл з кедравага дрэва ў гатычным стылі. Пазнаёміўся з марыянамі, каторыя там працавалі. Гэта былі айцы Абрантовіч, Падзява, Германовіч і другія. І пачуў там прызванне да манашаства, прыехаў у Польшчу, адбыў навіцыят у Скурцу. У 1939 г. у дзень свайго патрона святога Антонія 13 чэрвеня склаў свой першы абет. А ў 1999 годзе, таксама 13 чэрвеня, быў аб’яўлены блаславёным.
Хаця і пішуць, што Ляшчэвіч польскае прозвішча, але мова яго сям’і была беларуская. Многія тут такія нявызначаныя. А сваю апостальскую дзейнасць праводзіў па-беларуску, па-польску і па-расійску.
Там было так, што хтосьці з ксяндзоў-палякаў паехаў у Росіцу, агледзеўся, што там ніхто не панімаець па-польску, а ён не можа па-беларуску і вярнуўся адтуль. Насельніцтва, што там пагібла, пайшло з дымам у неба, былі як каталікі, так і праваслаўныя.
Раскажыце пра ордэн сясцёр-эўхарыстак, бо гэты ордэн блаславёным Віленскім біскупам Юрыем Матулевічам быў заснаваны для працы з беларускім насельніцтвам.
Першай заботай айца Матулевіча было тое, што ёсць сёстры, але большасцю яны ўсе ў Вільні, а трэба і на правінцыі. І ён зыходзіў з таго, што марыяне працуюць з беларускай моладдзю, то трэба, каб да іх далучаліся і сёстры-манашкі. Хаця ў ордэн прымалі ўсіх, хто жадаў прысвяціць сваё жыццё Езусу ў эўхарыстыі. Але і до сіх пор большасць кандыдатаў у гэты ордэн маюць з Беларусі. Ужываюць яны таксама рускую мову, бо працуюць і на Каўказе, і ў Сібіры. У сябе тут моляцца на польскім, але калі мы прыхадзілі да іх пару разоў з айцом Чарняўскім, спявалі таксама і па-беларуску.
Што можаце сказаць пра разгон польскімі ўладамі беларускіх марыянаў у 1938 годзе?
Іх выселілі ў 1938 годзе з Друі і Вільні. Нават і сёння, калі пішуць пра гэта польскія марыяне, адзначаюць, што гэта было бяспраўе, фанатызм ваяводы Бацянскага.
А пра ксяндза Адама Станкевіча?
Пра Адама Станкевіча я чуў неаднаразова, пра яго мне апавядалі літоўскія ксяндзы, каторыя пастаршы. Святы, святы, святы быў чалавек, ён сваёй любоўю абдымаў усіх. Ружанец, калі маліліся, першую частку, аб дзяцінстве Езуса, ён маліўся па-беларуску, за такі скромненькі, дзяцінны народ, пакутную частку ён маліўся па-літоўску, а хвалебную частку па-польску.
Літоўскія ксяндзы яго вельмі шанавалі.
А як адносіўся блаславёны Юры Матулевіч да беларусаў-каталікоў?
Я магу сказаць толькі тое, што прачытаў. Ён не мог дужа што рабіць для іх, бо былі такія абставіны, што сам ледзь трымаўся. Мне больш за ўсё запомнілася, як у сваім дзённіку ён апісвае, як прыехала ад Друі, з Ідолты, да яго дылегацыя, такія нясмелыя, сціплыя. І ён ім кажа, вы гаварыце да мяне так, як дома. І яны адразу сталі смелымі, сардэчнымі, распраміліся, адкрылі свае сэрцы.
Беларускія дзеячы таго часу казалі: „Што ён з намі душой, толькі не можа шмат чаго для нас зрабіць“.
Што вы ведаеце пра ксяндза Казімера Кулака?
Ксёндз Кулак вельмі цікавая і сільная фігура. Жывы характар, аратар, прамоўца, шырокай натуры чалавек, глыбока бачыў чалавека. У часе вайны ён нават сустракаўся з савецкімі партызанамі. Ён не быў бальшавіком, але не любіў немцаў. Любіў гаварыць абразцовыя гісторыі. Ён не быў і не прыхільнікам Пілсудскага, і не яго праціўнікам. І аднаму польскаму ксяндзу, пробашчу ў Троках, каторы быў пілсудчыкам, ён гаварыў: „Паментайце поляцы, ест не тылько Бжэст над Бугем, але і Буг над Бжэсьцем “.
Доктарскую дысертацыю ён напісаў па Сматрыцкаму і гаварыў, што яе труднавата было абараніць, патаму што там расказвалася пра супраціў з езуітамі і палякамі. Але паколькі пісаў аб’ектыўна, то прайшло, атрымаў доктарскую ступень у Рыме.