Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

Арганізацыя беларусаў Літвы

Хваляванні беларуса ў Літве | Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

maidan-3460950

Сёння, 21 лютага 2014г., у сярэдзіне дня, упершыню ў сеціве змог паглядзець спіс ахвяр процівастаяння паміж пратэстуючым народам і урадам Украіны. Усяго за тры дні, 18 — 20 лютага, 77 загінуўшых. З іх 64 пратэстоўцы, 11 міліцыянтаў, 2 целы не ідэнтыфікаваны.

Чытаў прозвішчы і баяўся сустрэць сярод іх прoзвішча сям’і нашых сяброў з Кіева. На шчасце іх сярод ахвяр няма. Жонка Яніте гэту навіну пракаментавала заўвагай. «Добра, але яны могуць быць сярод соцень параненых. Трэба тэлефанаваць у Кіеў».

Першай адклікнулася 93-х гадовая мама Тамары, нашай сяброўкі. Яна абрадавалася нашаму тэлефанаванню. Супакоіла Яніте, што з іх сям’ёй усё добра. Паскардзілася на дачку Тамару і ўнука Андрэя, што не дазваляюць ёй ехаць на Майдан, каб сваей прысутнасцю сярод пратэстуючых, падтрымаць іх. Папрасіла Яніте, каб перадала прывітанні Васілю, г. з. мне. Тэлефон перадала Тамары.

Даведаўшыся пра мэту нашага тэлефанавання, Тамара падзякавала за падтрымку. Падцвердзіла, што мама сапраўды рвецца на Майдан. Сказала, што сын Андрэй і яе брат пасля працы ідуць на Майдан,  каб быць сярод пртэстоўцаў. Яшчэ Тамара праз слёзы дзякавала Літве, нашаму прэзыдэнту, за салідарнасць і падтрымку ўкраінцаў. Адзін з тых параненых, якіх прыняла Літва на лекаванне, ёсць быўшы супрацоўнік і сябра Тамары.

Узрушаная пачутым ад кіеўлян, Яніте не стрымала слёз, калі перасказвала мне падрабязнасці размовы. Гэдык і я плакаў ад хвалявання. З ранейшых размоў мы ведалі, што Тамара і яе мама, як жанчыны, не адгаворвалі сваіх родных, якія, рызыкуючы сабою, ідуць і ўдзельнічаюць разам з тысячамі пратэстоўцаў.Гатоўнасць 93-х гадовай жанчыны самой ісці на Майдан у той дзень, калі там распачалася актыўная стральба і тэлебачанне ў прамым этэры паказвае, як падаюць забітыя, як спрабуюць адпаўзці параненыя, сведчыць пра рашымасць ўкраінцаў дамагчыся перамен.

На што я звярнуў увагу, чытаючы спіс і біяграфічныя звесткі забітых? — Гэта людзі разных узростаў, ад 17 да 62 лет; — Разных прафесій: навукоўцы, мастакі,фермер,журналіст, настаўнік, выкладчык, студенты; — З разных рэгіёнаў Украіны, часцей з заходніх яе абласцей.

З улікам гэтага, ці можна іх лічыць тэрарыстамі, як абвяшчае ўлада і дзяржаўныя СМІ Ўкраіны, Беларусі, Расеі? Відавочна нельга так лічыць. Гэта грамадзяне Ўкраіны, якія абураюцца і пратэстуюць амаль усю зіму. Яны адданыя патрыёты, якія перамаглі страх.