19 чэрвеня спаўняецца 91 год ад нараджэньня славуцейшага беларускага пісьменьніка-франтавіка Васіля Быкава. Васіль нарадзіўся ў 1924 г. у вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласьці. Бацькі пісьменьніка былі звычайнымі беларускімі сялянамі. Дзяцінства Васіля прайшло ў родных мясьцінах. Зь дзяцінства Васіль захапляўся паэзіяй Янкі Купалы і творчасьцю Якуба Коласа. Акрамя беларускай літаратуры Быкаў зь дзяцінства знаёміўся і з замежнымі аўтарамі: Майнам Рыдам, Жулям Вэрнам, Джэкам Лонданам і інш.
Як сьведчыць сястра пісьменьніка Валянціна, Васіль яшчэ ў школе спрабаваў пісаць апавяданьні і вершы, але ў тыя гады больш моцнай была цяга да маляваньня. Пасьля заканчэньня 9 клясы ў Кублічах, Быкаў паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню. Аднак доўга там не правучыўся, паколькі ў 1940 годзе былі скасаваныя стыпэндыі. Васіль вярнуўся назад у Кублічы, дзе скончыў сярэднюю школу.
Калі Нямеччына напала на СССР у 1941 годзе, ён знаходзіўся ва Ўкраіне і зьбіраўся паступаць у індустрыяльны інстытут у горадзе Шостка. Спачатку сямнаццацігадовы Быкаў трапіў у інжынэрны батальён, капаў траншэі, пасьля пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Удзельнічаў у цяжкіх баях на Паўднёва-Заходнім фронце, быў двойчы паранены. Потым вучыўся ў пяхотнай вучэльні ў Саратаве. Навучаньне ў вайсковай вучэльні звычайна цягнулася 2 гады, аднак, у сувязі з патрабаваньнямі ваеннага часу, скарацілася да 1 году. У кастрычніку 1943 году Васіль Быкаў скончыў вучэльню, атрымаўшы званьне малодшага лейтэнанта, і працягнуў удзел у баях да самай перамогі над Нямеччынай. Цікавы факт, што на Кіраваградчыне ёсьць брацкая магіла, у якой значыўся пахаваным і Васіль Быкаў. Да бацькоў прыйшла пахавальная, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзводу лейтэнант Быкаў Васіль Уладзімеравіч забіты 10 студзеня 1944 году, пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікая Севярынаўка Кіраваградзкай вобласьці.
Пасьля дэмабілізацыі ў 1947 годзе працаваў мастаком у гарадзенскіх мастацкіх майстэрнях. У 1949 годзе яго зноў прызвалі ў войска, дзе Быкаў праслужыў яшчэ 6 гадоў, у 1955 годзе звольніўся ў запас і прыехаў у Горадню. У 1956—1972 гадах Быкаў працуе літсупрацоўнікам, затым літкансультантам газэты «Гродзенская праўда», у 1972—1978 гадах — робіцца сакратаром Гарадзенскага абласнога аддзяленьня СП БССР. Увесь гэты час Васіль Быкаў актыўна піша прозу, і ў 1974 годзе яго намаганьні адзначаюцца Дзяржаўнай прэміяй СССР за аповесьці «Абэліск» і «Дажыць да сьвітаньня». У 1978 годзе пісьменьнік пераехаў у Менск. Там некалькі разоў абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, а ў 1989 годзе абіраецца народным дэпутатам СССР. У 1980 году атрымоўвае ганаровае званьне народнага пісьменьніка Беларусі. У 1990 годзе абраны першым прэзыдэнтам Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
На жаль, у сярэдзіне 1990-х гадоў на радзіме, якая атрымала незалежнасьць, пачаліся нападкі на найвядомейшага беларускага франтавога празаіка, які быў супраць дзеяньняў уладаў. Гэта, разам са станам здароўя Быкава, сталі прычынай яго выезду за мяжу. Цягам некалькіх гадоў Васіль Быкаў жыў спачатку ў Фінляндыі, затым у Нямеччыне і Чэхіі. У Чэхіі перанёс апэрацыю, і вярнуўся на Бацькаўшчыну толькі за месяц да сьмерці. Памёр пісьменьнік 22 чэрвеня 2003 году. Пахаваны на Ўсходніх могілках Менску.
Творчы шлях Васіля Быкава
Пачынаўся творчы шлях Васіля Быкава з апавяданьняў «У першым баі» і «У той дзень», якія ў 1949 годзе на расейскай мове былі зьмешчаныя ў газэце «Гродзенская праўда». У той час яны аказаліся не заўважанымі шырокай літаратурнай грамадзкасьцю. Большы посьпех мелі беларускія апавяданьні. Асабліва варта адзначыць яго аповесьць «Жураўліны крык», якая прынесла празаіку заслужанае прызнаньне. Пазьней яно было замацавана вялікім посьпехам «Трэцяй ракеты» (1961), якая ў 1962 годзе публікавалася адначасова ў «Маладосці» і ў «Дружбе народаў». Да найбольш папулярных раньніх аповесьцяў Быкава належыць «Альпійская балада» (1963). Яна шмат перакладалася на замежныя мовы, часта выдавалася ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых савецкіх рэспубліках. На аснове аповесьці створаны кінафільм, некалькі тэатральных спэктакляў, інсцэніроўка для радыё, балет, пастаўлены ў Менску і Чалябінску, у Харкаве пастаўленая опэра.
У шмат якіх адносінах паваротнай для Быкава стала аповесьць «Мёртвым не баліць» (1965). Пісьменьнік разгарнуў апавядальную плынь у двух часавых плянах, спалучыўшы паказ некаторых аспэктаў ваеннай пары з прамым выхадам да трапяткой сучаснасьці. Быкаў адштурхоўваўся ад таго, што перажыў сам. Ён ня раз падкрэсьліваў, што твор мае шмат аўтабіяграфічнага, грунтуецца на нявыдуманай падзейнай канве. У 1968 годзе была завершаная аповесьць «Праклятая вышыня», якая таксама стваралася на матэрыяле добра вядомай пісьменьніку франтавой рэчаіснасьці, на аснове тых падзеяў, у якіх ён сам браў удзел. Патас чалавечнасьці выразна гучыць у «Круглянскім мосце» (1968) — першай аповесьці з партызанскага цыклу, усьлед за якой былі напісаныя «Сотнікаў», «Абеліск», «Воўчая зграя», «Пайсці і не вярнуцца».
Новы этап у творчым разьвіцьці Васіля Быкава адкрыла аповесьць «Сотнікаў» (1970), адзін з самых дасканалых і глыбокіх твораў ня толькі ў самога пісьменьніка, але і ва ўсёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры пра вайну. Паводле прызнаньня аўтара, «Сотнікаў» пісаўся адносна лёгка, бо выношваўся доўга, грунтоўна асэнсоўвалася яго ідэя, шматразова прадумваліся многія сюжэтныя павароты, загадзя дэталёва распрацоўваўся фінал. Высокую ацэнку грамадзкасьці атрымала аповесьць «Знак бяды» (1982). У газэце «Правда» яна характарызавалася як кніга-падзея, якая нікога не пакінула абыякавым. Быкаўская мера праўдзівасьці і чалавечнасьці выразна адчуваецца ў рамане «Кар’ер» (1986). Яшчэ за савецкім часам творы пісьменьніка былі перакладзеныя на розныя мовы. Таксама варта адзначыць, што большасьць перакладаў на расейскую мову была зробленая самім пісьменьнікам.
Акрамя аповесьцяў, якія складаюць аснову створанай Васілём Быкавым мастацкай эпапэі народнага гераізму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а часткова і ў іншыя пэрыяды нашага жыцьця, празаік напісаў шэраг таленавітых апавяданьняў. Спрабаваў свае сілы і ў драматургіі. Яго п’есы (у прыватнасьці «Апошні шанц») ставіліся ў Маскве, Менску, Горадні. У Латвіі па гэтай п’есе быў створаны тэлеспэктакль.
Ушанаваньне памяці пісьменьніка
З 2003 г. у Горадні па вул. Савецкая, д. 31 на сядзібе гарадзкога аб’яднаньня вэтэранаў працуе музэй Васіля Быкава. 25 верасьня 2008 году ў Віцебску адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі народнаму пісьменьніку Беларусі Васілю Быкаву. Дошка разьмешчаная на будынку дзіцячай мастацкай школы № 1 па вуліцы Суворава, 3. У гэтым доме раней разьмяшчалася мастацкая вучэльня, у якой перад Вялікай Айчыннай вайной, у 1939—1940 гадах, на скульптурным аддзяленьні вучыўся будучы літаратар. Мэмарыяльная дошка вырабленая з бронзы і ўяўляе сабой стылізаваную рамку ў выглядзе аркі, усярэдзіне якой зьмешчаны партрэт пісьменьніка і бусел, як сымбаль Беларусі. На дошцы надпіс: «У гэтым будынку з 1939 па 1940 год вучыўся народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў». Аўтарамі кампазыцыі зьяўляюцца віцебскія скульптары, чальцы Беларускага зьвязу мастакоў Валер Магучы і Аляксандар Гвозьдзікаў.
Сястра Быкава Валяньціна Уладзімераўна жыве ў в. Бычкі Вушацкага раёну і з радасьцю прымае ўсіх прыхільнікаў творчасьці брата. Нягледзячы на грамадзкае змаганьне, улады сталіцы дагэтуль не надалі ніводнай менскай вуліцы прозьвішча слыннага літаратара.
Крыніца: паводле матэр’ялаў беларускай Вікіпэдыі.