Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

Арганізацыя беларусаў Літвы

Жаночы твар вайны | Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

aleh-9601361

Хораша чуць жаночыя галасы.

Бо гэта цуд – жаночае стварэнне!

Кожны чалавек нарадзіўся з жанчыны.

Шануйма яе, бо толькі яна

Можа быць маці нашага роду.

Зянон

Агонь – гарачы. Лёд – халодны. Жанчына – добрая, пяшчотная. Сталыя эпітэты. Але вось фотарэпартаж з „параду палонных”, які зладзілі тэрарысты ў Данецку, прагнаўшы па цэнтральнай вуліцы захопленых украінскіх вайскоўцаў. Кінулася ў вочы адна канваірка жанчына. У камуфляжы, валасы выбелены пергідролем (рупіцца пра свой выгляд!),тонкія вусны падціснуты, у руках цвёрда трымае аўтамат з прымкнутым бліскучым штыком. Адчуваецца – гэта яе зорны час, яе пятнаццаць хвілінаў славы. Яе пабачыць увесь свет, яна будзе красавацца ва ўсіх газетах, на ўсіх экранах і маніторах. Глядзіце ўсе – вось гэта я, простая баба, а маю поўную ўладу над гэтымі збітымі, прыгнечанымі, апляванымі мужыкамі. А зараз завядзём іх у падвал, і – „На кале-е -е ні, бля!”. І нагой – у морду. Садысцкае шчасце. Усё гэта вядома ад тых, каму пашчасціла вырвацца з „апалчэнскага” пекла.

Задумваешся – хто яна, хто яе нарадзіў, выхаваў? Ці прагу катаваць, забіваць, можна выхаваць, ці гэта сатанінскія гены? Узгадваюцца вядомыя з фільмаў розныя атаманшы Марусі часоў грамадзянскай вайны, эсэсаўкі ў шыкоўнай чорнай форме са стэкам у руках… Ці існуе якоесь навуковае даследаванне пачварнай з’явы – жаночага садызму? Агульнавядома, што ў жаночых турмах адносіны паміж зняволенымі куды больш жорсткія, чым у мужчынскіх. Адкуль такі выбрык прыроды – істота, якой натура адвяла ролю кахаць і быць каханай, быць Мадоннай – імкнецца не нараджаць, а забіваць? Вось нейкая дзявэля з Беларусі пазіруе са снайперскай вінтоўкай, з якой яна „мочыць укропаў”. Людзей, якіх яна бачыць упершыню, і адзіная віна якіх у тым, што яны бароняць сваю зямлю. Яе нібыта забілі, нібыта не, – у Сеціве новыя здымкі, дзе яна ўжо ў мусульманскай хусціне, і зноў рвецца забіваць, забіваць…

А вось яшчэ адна – з далёкай Сібіры, з прыгожым імем Весяліна. Таксама прыехала пастраляць „украў”. З роду сібірскіх казакоў, уся сям’я – вайскоўцы. Напэўна ж ёю ганарацца і дзядуля, і бацька, і маці. А мо й мясцовы бацюшка блаславіў на забойствы „врази” — ну і што, калі й праваслаўных?

„Ці гулялі вы ў дзяцінстве з лялькамі? ” – пытае карэспандэнт. „А як жа – я іх катала на танках і бэтээрах!”

Весяліна мае добры, прыгожы твар і добрую натуру. У іхнім снайперскім асяроддзі лічыцца асаблівым шыкам адстрэліць мужыку палавыя органы. Весяліна не такая, не – я, кажа, цэлю адразу ў сэрца, каб не мучыўся! Падумалася – каб нейкая сіла перанесла гэту гуманістку Весяліну на пахаванне хоць адной яе ахвяры… Каб пабачыла маладую ўдаву, што б’ецца ў рыданнях над нерухомым, мёртвым каханым целам; скамянелых ад гора і жаху дзетак; бацькоў, якія ўжо не маюць сілы плакаць… ці зварухнулася б штось у гэтай прымітыўнай мазгаўні? ці зашчымела б хоць трохі сумленне?

Хутчэй за ўсё – не. Жыве ж да гэтага часу ў Канадзе нейкі ўкраінец Катрук, які ў Хатыні забіваў цвікамі дзверы за ахвярамі. Відаць, не мучаць яго ўспаміны, калі дажыў да 90 гадоў. Жыве сабе, пчолак гадуе.

Будуць і гэтыя жыць – калі не прыгорне іх украінскі чарназём. Хай бы прыгарнуў як найхутчэй.

Алег Аблажэй, Вільня