27 лютага Віленскі біскуп Арунас Панішкайціс прыняў у сябе прадстаўнікоў беларускіх грамадскіх арганізацый Вільні. Вядома, што ў міжваеннай Вільні бурліла беларускае рэліігйнае жыццё, было некалькі святароў, якія служылі па-беларуску, выдаваліся рэлігійныя кнігі, газеты, часопісы. Пасля акупацыі Вільні рускімі, беларускае рэлігійнае жыццё спынілася. З набыццём Літвой незалежнасці, распачыналі спробы і па адраджэнні беларускага рэлігійнага жыцця. На вялікі жаль, да сёняшняга дня з большага яны былі няўдаламі, нягледзячы на тое, што ў Вільні беларусам аддадзены касцёл св. Барталамея. Па розных прычынах, у тым ліку і за адсутнасці адпаведных святароў, беларускі касцёл так і не стаў беларускім. Беларусы ў ім пачуваюцца чужымі.
З гэтай нагоды і з жаданнем нам дапамагчы, прыняў нас сёння Віленскі біскуп Арунас Панішкайціс. Варта адзначыць, што як Біскуп, так і Віленская арцыбіскупская курыя даволі прыхільна ставяцца да беларусаў, але, пакуль, не змаглі знайсці адпаведнага душпастыра. Пад час візітацыі касцёла св. Барталамея (менавіта гэта касцёл перададзены беларусам) біскуп Арунас Панішкайціс адслужыў св. Імшу. Нягледзячы на тое, што ён служыў у сваім жыцці першы раз па-беларуску, у яго гэта атрымалася. Нават з цяжкасцю верылася, што гэта ён робіць першы раз.
У часе аўдыенцыі Біскуп зазначыў, што яму вельмі падабаецца беларуская мова, яе мілагучнасць і меладыйнасць. Хаця, пакуль, не ўсё на ёй разумее, але захапляецца яе прыгажосцю. І паабяцаў больш дэталёва заняцца беларускай мовай і таксама гісторыяй Беларусі. Бо, на дадзены момант, у яго яшчэ мала ведаў пра Беларусь і беларусаў. Відаць таму на аўдыенцыі падрабязна распытваўся пра беларускія арганізацыі Вільні, пра іх жыццё і дзейнасць.