Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

Арганізацыя беларусаў Літвы

У Вільні ўшанавалі памяць Сяргея Паўловіча | Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

3-777x437-2091726

Сябрамі Таварыства беларускай культуры ў Літве і Асацыяцыі “Крывія” сёння, 26 верасня, было арганізавана мерапрыемства па ўшанаванні памяці выдатнага багаслова, беларускага дзеяча міжваеннай Вільні Сяргея Паўловіча. Удзельнікі мерапрыемства сабраліся каля яго магілы на Еўфрасіньеўскіх могілках, распавялі аб яго жыцці і дзейнасці, усклалі кветкі і запалілі знічы. Мітрафорны протаіерэй Уладзімір Рынкевіч ля магілы адправіў малебен за супакой душы Сяргея Паўловіча. Такім чынам, беларусы і віленчукі ўшанавалі памяць дырэктара Віленскай беларускай гімназіі і выкладчыка беларускай мовы ў Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі.

12-1024x768-4352511

Паўловіч Сяргей скончыў Віленскую праваслаўную семінарыю, затым Кіеўскую духоўную акадэмію (1899 г.) са ступенню кандыдата багаслоўскіх навук. З сярэдзіны 1920-х гг. выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, быў яе інспектарам. У 1926 г. пабачыла свет падрыхтаваная ім кніга „Свяшчэнная гісторыя Старога Завету: Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій“. У 1927/28 навучальным годзе С. Паўловіч выконваў абавязкі дырэктара Віленскай беларускай гімназіі.

2-1024x768-2007883

Яго грамадзянская пазіцыя не падабалася польскім уладам, таму ў 1928 годзе яго адмовіліся зацвердзіць дырэктарам гімназіі. У 1929 г. у Вільні выйшла наступная кніга С. Паўловіча „Пішы самадзейна: Развіццё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. – Ч. 1: Першы год навучання (пасля азбукі)“. У 1933 г. пад яго рэдакцыяй выйшаў „Праваслаўны малітваслоў“ на царкоўна-славянскай і беларускай мовах і інш. Памёр у Вільні ў 1940 г.

4-1024x768-1534223

У Дзяржаўным цэнтральным архіве Літвы захавалася яго заява аб прыняцці на пасаду выкладчыка еларускай мовы ў Віленскай духоўнай праваслаўнай семінарыі, якая прыкладваецца.

Прашэнне

Яго Праасвяшчэнству
Рэктару Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі

Кандыдата багаслоўя Сяргея Канстанцінавіча Паўловіча

Пакорліва прашу Ваша Праасвяшчэнства прызначыць мяне на вакантную пасаду выкладчыка беларускай мовы ў даверанай Вашаму Праасвяшчэнству семінарыі. Я па паходжанні беларус, і хаця раней не выкладаў гэты прадмет, але змагу за кароткі час дзякуючы актыўным заняткам авалодаць беларускай літаратурнай і размоўнай мовай. (…) Сяргей Паўловіч. 20 лютага 1925 г.

(ЛДзЦА, фонд 220, вопіс 1, справа 322, стар. 72. Пераклад з рускай – А. А.)