Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

Арганізацыя беларусаў Літвы

Беларускія службы ў Вільні: Касцёл св. Балтрамея ў Вільні перададзены беларускай грамадзе | Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

4-777x437-7710000

«Ад сёння, 13 сакавіка, у касцёле св. Балтрамея ў Вільні набажэнствы будуць адбывацца толькі на беларускай мове». Такія словы прамовіў дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс у часе нядзельнага набажэнства. Далей ён зазначыў, у Вільні ёсць касцёлы, дзе набажэнствы адбываюцца толькі на адной мове, польскай, літоўскай, украінскай, то цалкам лагічна, што і беларусы павінны мець свой касцёл. Варта адзначыць, што нядзельную Імшу Яго Эксцэленцыя цэлебраваў па-беларуску. Тым самым у чарговы раз падкрэсліў, што беларусы не чужыя ні ў Віленскай архідыяцэзіі, ні ў Каталіцкім Касцёле. Упершыню, за многія стагоддзі іерархі да беларусаў звяртаюцца на іх роднай мове.

Цешыць вялікая прыхільнасць літоўскіх каталіцкіх іерархаў да беларусаў. Каля года назад, 27 лютага 2015 года, прадстаўнікі беларускай грамады мелі аўдыенцыю ў біскупа Арунаса, дзе ён паабяцааў, што не толькі дапаможа ў вырашэнні праблемы беларусам мець набажэнствы на роднай мове, але і паспрыяе разам з Я. Э. арцыбіскупам Гінтарасам Грушасам таму, каб касцёл св. Балтрамея быў цалкам беларускім. Сёння гэтыя абяцанні выкананыя. Такім чынам, распачынаецца новая старонка ў гісторыі беларускага каталіцтва ў Вільні. Душпастырам для беларусаў Вільні і ваколіц прызначаны брат Арыюш Малыска OFM Cap (Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў, францысканец).

Набажэнствы на беларускай мове будуць адбывацца штодзённа а 18.00 вечара. У нядзелю будзе дзве Імшы на беларускай мове а 10.00 і 12.00. Шчыра запрашаем беларусаў наведваць беларускія службы ў Вільні. Іх далейшы лёс цалкам залежыць ад нас. 

Са свайго боку выказваем шчырыя падзякі Віленскай арцыбіскупскай курыі і яе біскупам Гінтарасу Грушасу і Арунасу Панішкайцісу, а таксама Беларускай Кустодыі Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў.

Др. Аляксандр Адамковіч.