Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

Арганізацыя беларусаў Літвы

Ня сталы Ніны Брылеўскай | Таварыства Беларускай Культуры ў Літве

16-591x437-4495080

На 97-ым годзе жыцця, 28 траўня, памерла Ніны Брылеўскай, актыўны сябра ТБК. Былая настаўніца школы, вялікі беларускі патрыёт і крыштальнай чэснасьці чалавек, якая праз усё жыцьцё пранясла любоў да беларускасьці, ахвяруючы на гэта асабістае жыцьцё. Яна родная сястра вядомага грамадзкага дзеяча на Бацькаўшчыне, а пазьней у ЗША Уладзіміра Брылеўскага.

ТБК выказвае шчырае спачуванне родным і блізкім Ніны Брылеўскай. У памяць аб ёй прыводзім запісаныя ад яе ўспаміны.

Ніна Брылеўская:

„У часе вайны, пад нямецкай акупацыяй, я працавала настаўніцай пачатковых класаў у Лебедзеве, у Смургонях, у Жодзішках і ў Залессі. Школы былі беларускія. У школы хадзіла шмат дзяцей, па-сутнасці, хадзілі ўсе вясковыя дзеці. У Залессі, напрыклад, было 7 класаў. Калі прыйшлі бальшавікі, у Залессі зрабілі дзве школы: беларускую і рускую.

Пасля таго, як прыйшлі бальшавікі, я зноў працавала настаўніцай, у сваёй вёсцы, у Лоску, але недоўга. Спачатку ў пачатковых класах выкладала расейскую мову, пасля ў старшых.

Мой бацька лічыўся враг народа, а я была член сям’і врага народа. І ў родным раёне пасля я не магла знайсці сабе працу, таму вырашыла прыехаць сюды, у Вільню. Тут уладкавалася на працу бібліятэкарам у Ерузалімцы (раён Вільні – аўт.), а затым настаўніцай у польскіх класах. Пасля я захварэла і зусім не працавала, паехала лячыцца на Каўказ. Калі выздаравела, працавала ўжо бібліятэкарам у гэтай самай чатырнаццатай школе. Класы ў гэтай школе былі на польскай, рускай і літоўскай мовах. Калі хварэлі настаўнікі пачатковых класаў – я іх замяняла. Акрамя таго, я яшчэ працавала сакратаром школы. І так да пенсіі.

У нас у бацькі была зямля свая. Мелі сваю гаспадарку. У 1939 г. у нас згарэла хата, і мы тады пераехалі ў Залессе. Мая маці памярла ў 1929 г., калі мне было 9 гадоў. А бацька атрымаў 10 гадоў лагераў у Карагандзе (Казахстан), пасля вярнуўся. А пасля благачынны ўзяў яго працаваць дзяком, і ён працаваў яшчэ некалькі гадоў. Памёр у 1974 г. ва ўзросце 91 года і 8 месяцаў.

З даваеннага часу мне запомніўся такі эпізод. Старшыня сельсавета засек сякерай дачку таго гаспадара, дзе ён жыў. І ніхто яго за гэта не караў. Вось такі час тады быў.

У Вільні апынулася дзякуючы Лявону Луцкевічу, ён мяне запрасіў, каб я памагла там у бібліятэцы. Паколькі я канчала бібліятэкарскія курсы і мела пасведчанне, мяне і ўзялі.

З Луцкевічам я пазнаёмілася дзякуючы майму брату ў часе вайны. Луцкевічы ехалі ў Брэст, каб уладкавацца на працу і начавалі ў майго брата ў Лебедзеве, там і пазнаёміліся.

Была знаёмая і з кс. Гадлеўскім, з якім я спатыкалася ў Смургонях. Ён там начаваў. Мой брат пры немцах быў старшынёй Смургонскага раёна (бурмістрам). І Гадлеўскі ў нас начаваў. А пасля яшчэ Гадлеўскі прыязджаў у Жодзішкі. Там у касцёле сабралася вельмі шмат народу, і ён маліўся па-беларуску. Народ ведаў пра гэта заранне, таму і прыйшло шмат людзей. Пасля яшчэ прыехалі з Менска артысты і там спявалі „Мы выйдзем шчыльнымі радамі“. Гэтым хорам кіраваў арганісты Трызна, але тады забілі яго польскія партызаны.

Акрамя Гадлеўскага, памятаю, што бацька Зоі Коўш быў бацюшкам і прыязджаў у Залессе і па-беларуску казаў казанне і маліўся. Яго забілі пасля. Невядома, хто яго там растраляў.

У нас у Лебедзеве начаваў Іваноўскі. І я яго нават частавала аладкамі. І ён спяваў: „Кожны дзень бліны, а ў нядзелю таюны“. А што гэта за таюны, я і не знаю. Размаўляў ён па-беларуску ў нас. Ехаў у Мінск на машыне і ў нас пераначаваў. Высокі такі быў, прыгожы. Машынай сам не кіраваў, быў у яго шафёр.

Як тут стварылася Таварыства беларускай культуры, я далучылася да яго працы. Увесь час цікавілася беларускім жыццём.
Мне самой вельмі прыемна, што я магу нешта зрабіць для бібліятэкі Таварыства беларускай культуры і самой арганізацыі. Я старалася і зрабіла картатэку, кожная кніжка там запісана была.

Шкода, што адышлі многія сябры Таварыства, лепшыя людзі, беларусы“.