135 гадоў таму назад, 7 жніўня 1879 г. у в. Дубна, сёння Мастоўскі раён (былы Кобрынскі павет) нарадзіўся Пётра Антонавіч Крэчэўскі, палітычны дзеяч, гісторык, паэт. Былы выпускнік віленскай духоўнай семінарыі. Былы настаўнік і банкаўскі работнік стаў актыўным нацыянальным беларускім дзеячам. У 1917 годзе Пётра Крэчэўскі – Дэлегат Першага Ўсебеларускага кангрэсу. У 1918 годзе ён у складзе Народнага Сакратарыяту Беларусі выконваў абавязкі дзяржаўнага кантралёра, народнага сакратара фінансаў, народнага сакратара гандлю і прамысловасці, узначальваў Цэнтральную беларускую гандлёвую палату.
Ад 14 снежня 1919 г. і да смерці – ён Старшыня Народнай Рады БНР. У 1920 годзе Пётра Крэчэўскі мусіў эміграваць. Жыў у Літве, затым у Чэхіі. На эміграцыі, у Празе стварыў Прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў дыпламатычную дзейнасць, наладзіў інфармаванне заходнеэўрапейскіх краінаў пра становішча ў БССР і Заходняй Беларусі. У верасні 1921 г. склікаў Першую нацыянальна-палітычную нараду беларускіх арганізацыяў з акупаванай бацькаўшчыны і з-за мяжы, якая асудзіла дамову ў Рызе і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі. Дамогся ад ўраду Чэхаславаччыны стыпендыяў для беларускіх студэнтаў. Стварыў Беларускі Архіў у Празе. У 1925 г. Прэзідыум Рады БНР на чале з П. Крэчэўскім не прызнаў пастановы Другой Ўсебеларускай канферэнцыі аб прызнанні Менску адзіным цэнтрам беларускага адраджэння. П.Крэчэўскі прынцыпова не прызнаў легітымнасці БССР.
Памёр Пётра Крэчэўскі на 50-ым годзе жыцця, 8 сакавіка 1928 г. у Празе. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе. Беларусы эмігранты паставілі яму памятнік, які ёсць да нашых дзён.
Васіль Акуневіч, Вільня