Ксёндз Віктар Шутовіч быў адной з самых яскравых постацяў, якія стаялі на пачатку адраджэння беларускага Каталіцкага Касцёла. Да канца свайго жыцця верыў у тое, што Беларусь рана ці позна стане незалежнай. Сёння яго мара споўненая.
Шутовіч Віктар (1890–1960) – беларускі каталіцкі святар заходняга абраду. Вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі, пазней – у Пецярбургскай каталіцкай акадэміі. Святарскі сан атрымаў у 1913 г. У 1917 г. прызначаны у в. Барадзенічы (зараз Браслаўскі р-н), дзе служыў да 1927 г. За беларускую дзейнасць некалькі разоў польскімі ўладамі праводзілася следзтва. Пасля 1927 г. прызначаўся ў польскія парафіі. Пасля вайны пераехаў у Менск, дзе з 29 чэрвеня 1944 г. служыў пробашчам катэдральнага касцёла. 26 студзеня 1945 г. арыштаваны. 27 чэрвеня 1946 г. асуджаны на 10 гадоў лагераў, вызвалены 20 сакавіка 1955 года. Патаемна служыў у розных месцах усходняй Беларусі. Апошнія гады жыў у Барысаве (Маракоў 2009, 451–453). Для таго, каб праілюстраваць яго патрыятызм, веру ў Беларусь і нязломны характар, прывяду вытрымку з ліста польскай школьнай настаўніцы віленскаму ваяводзе.
Ліст віленскаму ваяводзе ад Міхаліны Замбрыцкай
У студзені і лютым 1925 года ў фальварку Баравыя Браслаўскага павета Віленскага ваяводства Барадзеніцкай парафіі адбылося наступнае. Там у прыватным доме была капліца, адчыненая ў 1922 годзе з дазволу Віленскага біскупа для сясцёр Кангрэгацыі Святой Сям’і . У тым самым 1922 годзе пасля некалькіх месяцаў сёстры адтуль выехалі, пасля чаго капліца перастала дзейнічаць. З кастрычніка 1924 года па люты 1925 года ксёндз мясцовай парафіі Віктар Шутовіч стаў туды прыязджаць раз на тыдзень і адпраўляць набажэнствы. (…) Але кс. Шутовіч пачаў выкарыстоўваць гэту капліцу для агітацыі і ўвёў там беларускую мову. Прасіла яго тады, каб ён гэтага не рабіў, але Шутовіч ніяк не адрэагаваў. На наступным тыдні людзі выехалі ў Новы-Пагост параіцца з настаўніцай. Кс. Шутовіч і далей прыязджаў штотыдзень у капліцу для адпраўлення св. Імшы, якую выкарыстоўваў для палітычных мэтаў. Не толькі на набажэнствах карыстаўся беларускай мовай, але і да людзей прамаўляў у антыдзяржаўным духу, тлумачыў ім беларускую „ідэю“, прыносіў і раздаваў „Крыніцу“. Мы прасілі праз настаўніцу Даменткову, каб кс. Шутовіч больш не прыязджаў у капліцу. У Баравых, у тым самым доме, дзе была мясцовая дзяржаўная школа, дзе кс. Шутовіч, нягледзячы на просьбу настаўніцы і бацькоў вучняў праводзіць заняткі па-польску, пасля набажэнства праводзіў рэлігійныя заняткі па-беларуску. Кс. Шутовіч паведаміў людзям, што сваімі дзеяннямі настаўніца робіць школу атэістычнай, што паўплывала на яе аўтарытэт.
На маю просьбу не прыязджаць кс. Шутовіч адказаў, што як прыязджаў, так і будзе прыязджаць. Сказаў таксама людзям, каб на наступным тыдні іх прыйшло больш. Сказала тады ўладальніку памяшкання, які жыў у Баравых, каб на наступным тыдні перад прыездам кс. Шутовіча замкнуў капліцу і аддаў ключы настаўніцы, якая думала ад’ехаць у Новы-Пагост. Аднак яна ад’ехаць не паспела.
Магіла кс. Віктара Шутовіча ў Барысаве. Фота з сайта svaboda.org/
Надышла субота, дзень, у які кс. Шутовіч прыязджаў у Баравыя ў капліцу і школу. У той дзень заняткаў у школе не было, бо настаўніца захварэла і не выходзіла з пакоя. У гэты дзень у школе Шутовічу працы не было, заставалася толькі адправіць набажэнства. Людзі прыйшлі, як і ў мінулы раз. Але капліца была зачыненай, і не было ключа. Што ж рабіць? Кс. Шутовіч спрабуе падбухторыць людзей супраць мяне, што пасмела перад каталіцкім святаром зачыніць капліцу. Людзі накінуліся на мяне і пачалі абражаць на радасць ксяндзу. Пасля кс. Шутовіч загадаў узяць сякеры і выламаць дзверы ў капліцы. Некалькі мужчын схапілі ў сенях сякеры і на чале з кс. Шутовічам хутка пайшлі да капліцы. Перад дзвярыма затрымаліся, бо хтосьці (дапускаю, што хтосьці з сям’і ўладальніка або сам уладальнік, бо больш ніхто аб гэтым не ведаў) сказаў, што ключы ў настаўніцы. Тады кс. Шутовіч вырашыў зрабіць рэвізію ў пакоі настаўніцы. Там каля вакна на цвіку знайшоў ключ ад капліцы. Сарваў яго, праз клас выйшаў да капліцы (да капліцы можна прайсці толькі праз клас) і трыумфальна і з іроніяй паказаў ключ людзям. Пасля адчыніў капліцу, зайшоў у яе, паспавядаў людзей, адправіў Імшу, потым выйшаў і замкнуў капліцу і гасцінны пакой. Калі выязджаў з Баравых, ключы забраў сабе, кажучы людзям па-беларуску: „Зараз яна будзе прасіць у мяне ключы, а не я ў яе“.
Далей сказаў, каб на наступным тыдні людзей прыйшло як мага больш, будзе ўсё, як звычайна. Цераз тыдзень прыехаў кс. Шутовіч. Я ўзяла адпачынак на гэты дзень і прыехала ў Баравыя з паліцыяй і трохі раней за кс. Шутовіча, каб замкнуць гэтыя самыя дзверы ў капліцы на новы замок. Людзі ўжо пачалі збірацца і ўзрушана чакалі кс. Шутовіча. Нарэшце а 9-ай раніцы прыязджае Шутовіч. Заходзіць у хату гаспадара, са мной не размаўляе, збіраецца ісці ў капліцу, кажучы людзям, што будзе адпраўляць св. Імшу. Тады я яму сказала, што ключы ад капліцы ў яго ёсць, але дзверы зачынены на іншы замок. Ён адразу пачаў мяне саромець перад людзьмі (…). Затым кс. Шутовіч звяртаецца па-беларуску да паліцыянта, чаму той сюды прыехаў. Пасля мяняе тактыку і просіць мяне, каб я адамкнула капліцу. Але я не адамкнула. Тады кс. Шутовіч пайшоў у клас, нібы для таго, каб правесці ўрок рэлігіі, і адначасова сказаў ўсім, хто сабраўся, каб ішлі за ім у клас. Натуральна, усе не змяшчаюцца ў класе, стаяць у адчыненых дзвярах у калідоры і на дзядзінцы і слухаюць, як кс. Шутовіч вучыць дзяцей „рэлігіі“, бо насамрэч праводзіць агітацыю. Сціснутая ў натоўпе, чакаю, калі скончыцца ўрок рэлігіі кс. Шутовіча, які быў для дарослых, а не для дзяцей. Настаўніца, таксама жадаючы правесці ўрок, паступова распіхвае натоўп. Настаўнік „рэлігіі“ кс. Віктар Шутовіч не хавае, натуральна, таго, што цалкам прыгнечаны той несправядлівасцю, якая адбываецца з-за ўціску беларусаў палякамі, але зазначае, што прыйдуць лепшыя часы, калі і мы будзем гарой, „наша возьме“ і г.д. Быў працытаваны падобнага зместу беларускі верш, які, дзякуючы мне, ёсць у пратаколе дзяржаўнай паліцыі ў Новым Пагосце. Паліцэйскі ў гэты час знаходзіўся ў калідоры і слухаў адкрытую антыдзяржаўную прамову кс. В. Шутовіча.
Касцёл у Барадзенічах. Пач. ХХ ст. Здымак Яна Балзункевіча. Копія з кнігі „Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча: пачатак ХХ стагоддзя“. Мінск: Ураджай, 2001. – 183 с.
І пазней заклікаў народ разысціся. Калі гэта пачуў ксёндз, то абураны выбег з класа на калідор да паліцыянта, схапіў яго за вопратку (натуральна, што спаткаў адпор) і пацягнуў да дошкі, на якой быў напісаны гэты верш, тлумачучы, што ў ім нічога кепскага няма. Пасля кс. Шутовіч пачаў гаварыць людзям, падбухторваючы іх супраць мяне за тое, што я на яго, каталіцкага ксяндза, накіравала паліцыю і тым самым перашкаджаю навучаць дзяцей рэлігіі ў школе. Казаў людзям, якія яго слухалі і абражалі мяне і паліцыю не разыходзіцца. Напрыканцы загадвае людзям у наступную суботу аб’яднацца, бо прыедзе ўжо не адзін, а з кс. Станкевічам. Будуць праводзіць бацькоўскі сход. Пасля кс. Шутовіч ад’ехаў і больш у Баравыя не з’яўляўся.
На трэці дзень пасля гэтага здарэння паехала да біскупа Матулевіча і паказала там гэту справу. На што кс. біскуп Матулевіч адказаў, што і так мае вельмі шмат пісьмовых скаргаў на кс. Шутовіча. Аднак ніяк не можа нешта зрабіць, бо ніякіх сродкаў уплыву на кс. Шутовіча не мае, акрамя маральных, а гэта нічога не дасць. Зрэшты кс. біскуп Матулевіч пагадзіўся, што рэзкасць з’яўляецца вялікім недахопам кс. Шутовіча, і дадаў, што калі сапраўды кс. Шутовіч зрабіў якое злачынства, то няхай яго тады свецкія ўлады пасадзяць у Лукішкі. Пасля папрасіла ксяндза біскупа, каб зачыніў капліцу ў Баравых, што ён і зрабіў. Зрабіла для яго пратакол ўсёй гэтай справы, але пакуль без вынікаў.
Таму лічу неабходным інфармаваць аб вышэйшым пану ваяводзе.
Міхаліна Замбрыцкая.
10 красавіка 1926 г.